Хлопца, які цягаў за валасы кантралёра, затрымалі
На яго пачалі крымінальную справу за гвалт супраць чалавека, які выконвае службовыя абавязкі. Яму пагражае пакаранне да 5 гадоў турмы.
Пра гэта Еўрарадыё паведамляюць у наваполацкай міліцыі.
Міліцыянт: "Злачынца знойдзены і арыштаваны. На яго пачалі крымінальную справу паводле артыкула 366. Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па замацаванні, устаноўленыя відавочцы, яны апытваюцца. Збіраецца доказная база, каб справа была накіраваная ў суд".
Справу ўжо перадалі ў Следчы камітэт па Наваполацку. Хлопец, які цягаў кантралёра за валасы, быў абсалютна цвярозы, кажуць у міліцыі. Ён патлумачыў свой учынак тым, што заступіўся за дзяцей.
Цяпер яму пагражае штраф, альбо папраўчыя працы, ці арышт да 6 месяцаў. Магчымыя таксама абмежаванне ці пазбаўленне волі да 5 гадоў.
Гісторыя канфлікту: Кантралёра цягалі за валасы па аўтобусе з-за безбілетнага школьніка