Іна з FEMEN: Бярыце міску варэнікаў і лілею — і мы з вамі пазнаёмімся!

111223 Luka6uk Femen.mp3

У Кіеў машына консула ўкраінскай амбасады ў Беларусі прывезла актывістак FEMEN а 6 раніцы. Першымі для дзяўчат сталі абдымкі не бацькоў ці каханых — а кіраўніцы руху Ганны Гуцол. Таму што паехалі яны адразу, распавядае Іна Шаўчэнка, не па сваіх кватэрах, а менавіта да яе.

Іна Шаўчэнка: “Нас сустракалі нашыя баявыя сяброўкі, калегі і лідар руху Ганна Гуцол”.




І раскрывае таямніцы свайго асабістага жыцця ды ўзаемаадносін з мужчынамі.

Іна Шаўчэнка: “Мужа няма пакуль — ёсць людзі, якія мяне падтрымліваюць і любяць. Але я пакуль сябе абмяжоўваю ў тым, каб заводзіць нейкія блізкія адносіны. Бо пакуль у мяне іншыя задачы, іншыя справы — я хачу патраціць час на іншае. Але ёсць маладыя людзі, якія дапамагаюць, сімпатызуюць. І часам заводзяцца нейкія адносіны”.

Нечакана аказваецца, што Іна ў мінулым — супрацоўнік прэс-службы Кіеўскай адміністрацыі. Але сяброўства ў FEMEN паставіла крыж на адміністрацыйнай кар’еры. Зараз яна функцыянер гэтага жаночага руху, заробак атрымлівае там. Не прапускае ніводнай іх топлес-акцыі. Што, прызнаецца, стала шокам для яе бацькоў.

Іна Шаўчэнка: “Фраза “завязвай з FEMEN” гучала вельмі часта ад маёй маці. Асабліва па першым часе — для яе стала шокам, што маё жыццё так змянілася, я сышла з працы ў Кіеўскай адміністрацыі. Але праз год бацькі зразумелі, што няма сэнсу са мной ваяваць, бо гэта мой выбар і я сябе не ўяўляю ў іншай ролі. Бацькі ж за мяне заўсёды перажывалі, баяліся, яны чуюць вельмі шмат дрэнных водгукаў ад людзей, ад сваякоў. Але зараз яны мяне падтрымліваюць”.

Аднак менавіта голас маці ў тэлефоне прымусіў дзяўчыну расплакацца падчас прыгодаў у Беларусі.

Іна Шаўчэнка: “Я патэлефанавала з вёскі Бекі маці і пачула ад яе фразу: “Я думала, што ты ўжо не жывая”. І менавіта тады я, шчыра кажучы, заплакала, бо я разумею, якія пачуцці перажывае мая маці”.




Праўда, за суткі знаходжання ў Кіеве яна так і не знайшла вольнай хвілінкі, каб патэлефанаваць бацькам: баявыя сяброўкі, інтэрв’ю, брыфінг занялі ўвесь вольны час актывісткі. Яна нават падчас размовы з карэспандэнтам Еўрарадыё больш імкнулася распавядаць пра рух, пра планы на будучыню і настроі калег, чым пра сваё асабістае жыццё. Жартавала. Нават на пытанне: “Якія стравы вам падабаюцца і што трэба зрабіць мужчыну, каб спадабацца вам?” адказала паўжартам і каротка.

Іна Шаўчэнка: “Бярыце міску варэнікаў і лілеі — і мы з вамі сустрэнемся!”

Акцыя ў Беларусі для яе, як і для Аксаны Шачко, стала далёка не першай. Але першай, калі сапраўды перапужалася за сваё жыццё. Таму нават на пытанне пра тое, што зрабіла адразу, як  трапіла ў сваю кватэру, адказала: “Засталася жывой і ад гэтага проста пачувалася камфортна”.

А вось Аксана Шачко, распавядае яе хлопец Косця, вярнулася дадому такая “ніякая”, што не мела сіл распрануцца.

Косця: “Зайшла ўся такая памятая, “пакоцаная”, у нейкім пер’і... Дапамог ёй распрануцца і памыцца, і леглі спаць — была проста ніякая”.

І праз дзень, кажа, паводзіла сябе так, нібыта ўсё яшчэ знаходзіцца ў небяспецы.

Косця: “Пакуль яшчэ ў яе манія пераследу, ёй паўсюль бачацца кадэбэшнікі. Яе нават нельга браць пад руку — яна моцна ўздрыгвае і торгаецца. Яна ўсё “на строме”. Можа, праз месяц неяк супакоіцца”.




Хлопец — мастак-скульптар. Аксана — мастак, піша карціны і жыве за кошт іх продажу. Ацэньваць узровень майстэрства Аксаны Косця дыпламатычна не стаў. Затое прызнаўся, што, у адрозненне ад дзяўчыны, ён вельмі далёкі ад палітыкі чалавек.

Косця: “Спачатку я вельмі псіхаваў і нерваваўся. Потым — прызвычаіўся. А зараз я бачу, што чалавек за кошт гэтага самарэалізуецца. За кошт такіх цяжкіх сітуацый яны атрымлівае асаблівы кайф. І ў Аксаны самы вялікі сярод дзяўчат вопыт па такіх экстрэмальных акцыях. Залезці на аўтазак пакрычаць, залезці сярод дня на ЦУМ. Гэта менавіта тыя акцыі, якія любіць Аксана”.

Праўда, жыць сямейным жыццём з такім чалавекам даволі складана.

Косця: “Ксюха — вельмі запальчывы чалавек. Мы так часта сварымся і разыходзімся, што афіцыйна ўсім аб’яўлена, што мы толькі сябры. Бо ў нас так: тры дні ўсё добра, а потым: “Усё, разыходзімся!” Потым — усё па новай. Цягнецца гэта даволі доўга і, у прынцыпе, гэта цікава!”.



Але менавіта Косця супакойваў маці Аксаны, калі тая знікла ў Беларусі, і называе яе гераічнай жанчынай. Толькі такая можа трываць паводзіны дачкі, калі ўсе наўкол асуджаюць яе топлес на вуліцы. А ў ноч з 19 на 20 снежня спецыяльна ўключыць музычны канал, каб на іншым выпадкова не нарвацца на навіны, дзе нешта дрэннае скажуць пра лёс дачкі.

Косця ўпэўнены: здарэнне ў Беларусі не толькі не адштурхне Аксану ад FEMEN, але яна абавязкова будзе браць удзел у чарговай іх акцыі ў нашай краіне. І ён не будзе яе адгаворваць. Вось толькі прызнаецца: дзейнасць Аксаны стрымлівае яго, каб прапанаваць дзяўчыне стварыць сям’ю і нарадзіць дзяцей.

Фота: femen.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі