Каб дабрацца да рок-фэсту, музыкі ўзялі таксі з Асіповічаў у Рагачоў
Цыклон “Хавер” ледзь не сарваў канцэрты ў Мінску і Рагачове. Праз непагадзь арганізатары згубілі некалькі тысяч долараў.
На мінскі фэст “Вырезано цензурой” не даязджаюць ТТ-34 і SEX, на Rockachev — Aspirin Rose і тры аўтобусы гледачоў. Не даехала да Рагачова і каманда Еўрарадыё, а вось фотаздымкамі з Re:Public мы вас парадуем! ...хаця...
Дабрацца да клуба Re:Public, у якім праходзіць “Вырезано цензурой” — сапраўднае выпрабаванне. 15 сакавіка ў Мінску лютуе цыклон “Хавер”. На вуліцах, заваленых снегам, спыняюцца машыны і грамадскі транспарт. На ўваход у метро — чэргі, а цэнтральныя станцыі дык і ўвогуле перакрываюць. Людзі доўгімі сумнымі чэргамі ідуць дадому пешкі.
“Практыка паказвае, што на такія канцэрты 20-30% квіткоў прадаецца папярэдне, а астатнія — у дзень канцэрта, — прызнаецца арганізатар фэсту Андрэй Іваненка. — Папярэдне ў нас было прададзена каля 100 квіткоў. Мы разлічвалі яшчэ чалавек на трыста, але…”
Каб пад сцэнай не было пуста, музыкі разам з арганізатарамі ўжо з клуба абтэлефаноўваюць знаёмых. У выніку туды даязджаюць блізу 120 чалавек. Тым часам з шасці заяўленых гуртоў у клубе прысутнічаюць толькі чатыры: мінчане Martin S. і Aspirin Rose, брэсцкі гурт Sciana ды ўкраінцы YUMOS, якія паспелі даехаць літаральна за 30 хвілінаў да “разгулу стыхіі”.
“Мы развесілі па ўсім клубе аб’явы, што гурты “ТТ-34” (Гомель) ды SEX (Рагачоў) знаходзяцца ў дарозе, і верагоднасць іх удзелу ў канцэрце вельмі малая, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Іваненка. — Тым не менш людзі зразумелі, што такі форс-мажор здараецца, напэўна, раз у жыцці. Дзякуй гледачам, бо шмат хто з іх дабраўся толькі на апошні гурт. Але ніводнага патрабавання вярнуць грошы не прагучала”.
Гурт SEX згубіўся па дарозе з Рагачова на Магілёў недзе пад Чавусамі. У Мінску з'яўляецца толькі бубнач, які ехаў на цягніку. Астатнія музыкі вяртаюцца ў родны горад, дзе на наступны дзень выступаюць на фэсце Rockachev. Туды ж пасля некалькіх гадзінаў барацьбы з завеяй паварочваюць і “ТТ-34”, што заселі на гомельскай трасе.
Дарэчы, на Rockachev едуць амаль усе ўдзельнікі “Вырезано цензурой”: большасць на цягніках, але ўкраінцы YUMOS разам з арганізатарам спрабуюць дабрацца на машыне. У выніку ноч яны праводзяць у заторы на выездзе з Мінску, а ў Рагачоўскі дом культуры яны трапляюць толькі а 12-й гадзіне.
“У нас фэст пачынаецца ў 15:00, саўнд-чэк гуртоў мусіў пачацца ў 9:00! Я прыязджаю, а на сцэне толькі барабаны стаяць, — усміхаецца Андрэй. — Апаратура ехала з Гомелю, але адна з машынаў паляцела ў кювет, а разам з ёй і ўвесь бэк-лайн. Паехалі тэрмінова перакладаць апарат у іншую машыну… У выніку затрымалі пачатак мерапрыемства на дзве гадзіны. Карацей, весела было”.
Нейкім цудам з 9 заяўленых гуртоў да Рагачова даехала восем. Толькі Aspirin Rose зламаліся пад парывамі шквальнага ветру. Гурт P.S. кідае машыну і едзе на электрычцы да Асіповічаў, а адтуль бярэ таксоўку. І паспявае! Такая ж гісторыя з бубначом гурта SEX. А вось гледачам фэсту пашанцавала менш: аўтобусы з мінскімі, асіповіцкімі ды бабруйскімі прыхільнікамі да Рагачова так і не даехалі.
Rockachev сабраў каля 500 чалавек. Еўрарадыё не знайшло ніводнага негатыўнага водгука! А вось незадаволеных мінскім “Вырезано цензурой” усё ж хапае. Праўда, абурае іх, у асноўным, гучанне гуртоў: то інструменты знікаюць, то вакал…
Сур’ёзны грашовы “ўлёт” праз неспрыяльнае надвор’е арганізатары называюць выпрабаваннем, якое ўдала прайшлі. На 24 жніўня ўжо прызначаны наступны фэст Rockachev.