Каб праверыць падазрэнне на анкалогію — трэба чакаць да паўгода
… ці заплаціць паўмільёна і прайсці даследаванне цягам двух тыдняў.
“Сваіх хворых на рак мы стараемся даследаваць у дзень звароту. А вось не хворыя на рак, могуць чакаць месяцы”, — пацвярджае намеснік дырэктара па хірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Віктар Кахнюк.
Мы пазванілі ў колькі медцэнтраў, каб даведацца, праз колькі і як можны прайсці даследаванні, звязаныя з анкалагічнымі захворваннямі, калі вы не стаіце на ўліку ў доктара.
У рэгістратуры Цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі кажуць, што доўгія чэргі на ўсё — не толькі на МРТ, але і на камп’ютарную тамаграму і ультрагукавое даследаванне. Астатнія абследаванні праводзяцца дастаткова хутка.
“Камп’ютарнай тамаграмы трэба чакаць дзесьці месяц-паўтара. Усе астатнія аналізы і даследаванні праходзяць даволі хутка. Чарга на МРТ — да паўгода, на КТ — менш”.
Па звычайным накіраванні даследавання і сапраўды можны чакаць месяцы. Паскорыць працэдуру можна, калі заплаціць: “Тэлефануйце 28 жніўня ранкам, з дзевяці раніцы. Будзе запіс на бліжэйшыя два тыдні”.
МРТ галаўнога мозга “з сасудамі” — да паўмільёна рублёў. Затое працэдуру можна прайсці цягам трох тыдняў. Паўмільёна ці бясплатная медыцына праз тры месяцы? Не дай бог, хворы вядома што, выбера.
Тэлефаную ў колькі медыцынскіх цэнтраў Мінска і рэгіёнаў: супрацоўнікі толькі ўздыхаюць, калі чуюць пра МРТ — на даследаванне можна трапіць не раней, чым праз два месяцы. Прычым, “бясплатная” чарга цягнецца на месяц больш, чым за грошы. Кошты таксама розныя: ад 200 тысяч да паўмільёна рублёў.
“Тэлефануйце 11 верасня — будзем запісваць на лістапад платна”. Чарга ў месяц нават на платнае? Але калі ёсць чэргі — значыць, ёсць попыт.
Чэргі на камп’ютарную тамаграфію ў многіх медцэнтрах Мінска — да месяца з паловай, “бо камп’ютарных тамографаў больш”. Прыкладна месяц трэба чакаць і ультрагукавога даследавання:
“Ультрагукавое даследаванне малочных залоз можны прайсці ў верасні. На жнівень ужо разабралі квіткі”, — тлумачаць у 26-й сталічнай паліклініцы. А вось прайсці мамолага ў гэтай жа ўстанове — можна ў гэты ж дзень, праўда, платна:
“Запісвацца не трэба. Прыходзіце — і ў гэты ж дзень праходзіце даследаванне”.