Калдун для Еўрабачання здымаў кліп за 100 тысяч долараў, а Litesound – за 6
Каб зрабіць прома ў інтэрнэце, сёлетнія прадстаўнікі краіны на песенным конкурсе нават стварылі дабрачынны рахунак.
24 траўня гурт Litesound прадставіць Беларусь на конкурсе Еўрабачанне ў Баку. Але дагэтуль кампазіцыя We are the heroes, з якой і выступяць музыкі, не гучыць з кожнага прыёмніка, а кліп быў прэзентаваны толькі некалькі дзён таму. Канцэртнае жыццё гурта можна прасачыць паводле надпісаў на старонцы ў фэйсбуку: "Litesound has a show on 2012-04-18 at 18:30 @ Palace of culture in Kobrin".
Дзмітрый Калдун, які ў 2007 годзе заняў на Еўрабачанні 6 месца, прыгадвае, што перад конкурсам паспеў аб’ездзіць з канцэртамі каля 20 еўрапейскіх сталіц.
"Я перыядычна адкрываю свой стары пашпарт, які я пакінуў на памяць, там у мяне каля 15 розных віз, але трэба ўлічваць, што па шэнгенскай візе мы праехалі некалькі краінаў”, – згадвае Калдун.
Сваёй колькасцю віз Litesound пахваліцца не можа. Замест Варшавы, Парыжа і Рыма музыкі праехалі... па Кобрыне, Наваполацку, Салігорску і Брэсце, якія на конкурсе галасаваць не змогуць. З-за фінансавых праблем сарваліся канцэрты ў Кішынёве. Прарвацца ўдалося толькі ў Амстэрдам ды Брусэль.
"Яны ездзілі са сваімі гастролямі па Беларусі, якія былі ў туры, які самі сабе зрабілі, – тлумачыць рэдкія выезды за мяжу куратар праекту Еўрафэст Аляксандр Ціхановіч. – А ў прома-тур, які мы планавалі, яны з'ездзілі. Іх вандроўка ў Бельгію была вельмі важнай, бо там было шмат карэспандэнтаў, якія пішуць пра Еўрабачанне. І прымалі іх там вельмі добра! Мне было прыемна, што там ведаюць іх песні, да іх падыходзілі з партрэтамі...".
Сёлетні бюджэт, выдаткаваны на падрыхтоўку Litesound, Аляксандр Ціхановіч не каментуе. А бацька братоў Каракіных Юрый кажа, што грошай Белтэлерадыёкампанія дала столькі ж, колькі і на папярэдніх прадстаўнікоў. Іншых спонсараў не было, таму музыкам дапамагалі сябры, хто чым мог. Litesound нават завялі дабрачынны рахунак, каб ахвяраваць грошы маглі і фанаты калектыву.
Дзмітрый Калдун прыгадвае, што выдаткі на яго падрыхтоўку, прыкладна, пароўну падзялілі БТ і Філіп Кіркораў. Расійскі поп-кароль займаўся іміджавай часткай, у тым ліку і здымкамі кліпа.
“Мне ніхто чэкаў не даваў, але я памятаю, што дзве версіі кліпа, рускамоўная і англійская, каштавалі штосьці каля 100 тысяч долараў".
Litesound спачатку планавалі здымаць свой кліп за мяжой. Але з-за фінансавых праблем зрабілі яго ў Мінску.
"Агульны бюджэт кліпа, калі не памыляюся, складае 50 з нечым мільёнаў беларускіх рублёў, – распавядае Юрый Каракін. – Але фактычна, згодна з калькуляцыямі кампаніі, якая здымала гэты кліп, сума дзесьці ў чатыры разы большая. Таму кампаніі Nonstop MEDIA давялося рабіць гэта амаль за свае грошы, дзякуй, што яны на гэта пайшлі".
А калі дадаць, што сцэнарыстам, рэжысёрам ды аператарам пастаноўшчыкам выступілі самі браты Каракіны, а беларускае МНС бясплатна дало ўсю неабходную для здымак тэхніку, дапамагла са спецэфектамі, забяспечыла ахову падчас масавых эпізодаў, плюс каля 600 чалавек масоўкі таксама здымаліся за “дзякуй”, то атрымліваецца дастаткова сур'ёзны бюджэт.
Відаць, сёлета беларусам давядзецца заваёўваць публіку менавіта падчас паўфіналу, бо нават усходнія суседзі пра гурт Litesound нічога не ведаюць. Ва ўсякім выпадку, так лічыць “масквіч” Дзмітрый Калдун. З іншага боку расіяне за нас усё роўна галасаваць не змогуць, бо выступаем мы ў розных паўфіналах. Тым больш, паводле еўрапейскіх букмекераў, 24 траўня песня "We are the heroes" зойме 8-е месца, а стаўкі на яе перамогу ў фінале вагаюцца ад 34/1 да 100/1.