Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана

120810 Swiardlou Kambajnery_0.mp3

“Касцюм добра падышоў. З памерам угадалі”, — седзячы за рулём камбайна, распавядае Еўрарадыё механізатар саўгаса “Вараніно” Аляксандр Пугачоў. Каб мабілізаваць людзей на бітву за ўраджай, у Магілёўскай вобласці прыдумалі дарыць ім… алімпійскія касцюмы зборнай Беларусі!

Дык што, пытаюся, пра тое, які патрэбны памер, ніхто не пацікавіўся?

“Так, угадалі! І напарніку майму таксама падышоў”, — сам здзіўляецца механізатар таму, як цудоўна пашанцавала.

Ажаніцца Пугачоў яшчэ не паспеў, таму пахваліцца абноўкай дома няма перад кім. Хаця, камбайнёр і кажа, што ўзрадаваўся алімпійскай форме больш, чым грошам, што з ёй рабіць — не ўяўляе:

“На танцы ў ім не пойдзеш, і на афіцыйныя мерапрыемствы не пойдзеш… Ну, так, мабыць, можна выйсці пагуляць!”

Але пакуль гуляць няма калі: ад раніцы да позняга вечара камбайнёр працуе ў полі.

Аляксандр Пугачоў: “Пакуль дадому, пакуль памыешся, тое-сёе — ужо і 11-я! Так што пакуль часу няма насіць яго”.

Часу няма і на тое, каб сачыць за Алімпіядай! Увогуле, пра тое, што ўжо два тыдні праходзяць гульні ў Лондане, камбайнёр даведаўся, калі да яго прыйшлі з алімпійскай формай.

Аляксандр Пугачоў: “Ніводнага разу не атрымлівалася паглядзець, і нават чуць што-небудзь. Я ж увесь цалкам у працы! Калі ж тут глядзець? Нават прыгадаць пра Алімпіяду часу няма!”

Чым яшчэ матывуюць камбайнёраў да працы на жніве? Кіраўнік гаспадаркі “Айчына” Брэсцкай вобласці Уладзімір Бандарэнка хваліцца, што за ўборку камбайнёры атрымліваюць у яго ад 8 да 23 мільёнаў! Падзівіўшыся такому няслабаму заробку, Еўрарадыё вырашае зазірнуць у кішэню рэкардсмена “Айчыны” Фёдара Баслая:

“Не, ну гэта яны загнулі, канечне. Нам галоўны спецыяліст па эканоміцы гаспадаркі на пачатку ўборачнай папулярна патлумачыў, калі намалоцім па 900 тон збожжа – дык атрымаем заробак ў 1 тысячу долараў. Ну, прыкладна столькі гэта і будзе”.

Здзіўляецца лічбе ў 23 мільёны і Аляксандр Пугачоў:

“Ой, не, у нас такіх вялікіх заробкаў, вядома, не бывае! У нас, мабыць, мільёнаў 7 будзе ўлетку. А ўзімку, калі я працую інжынерам, атрымліваю 2 мільёны”.

Шчасліваму ўладальніку алімпійскага касцюма Аляксандру Пугачову нядаўна споўнілася 22 гады. А Фёдар Баслай толькі камбайнёрам працуе ўжо 30 гадоў. Але замест алімпійскага касцюма яго ўзнагародзілі… электрычным чайнікам!

“За першае месца па ўборачнай, акрамя заробку, далі прэмію — 2 мільёны рублёў. А за першую тысячу намалочанага збожжа — электрычны чайнік. У нас ўсім, хто 1 тысячу тон намалаціў, чайнік давалі”, — распавядае Еўрарадыё камбайнёр.

Сёлета Баслай намалаціў на жніве 1 тысячу 800 тон.

“Калі б прапанавалі выбар: грошы ці алімпійскую форму — я выбраў бы форму. Бо гэта — рэч! На вуліцу я б у ёй не выходзіў: навошта па вёсцы хадзіць у алімпійскім касцюме? Апранаў бы дома”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі