Арганізатар Камяніцы: Пра “Крамбамбулю” мне “зверху” не званілі
Арганізатары "Камяніцы" распавялі сваю версію, хто ад каго адмовіўся: яны ад "Крамбамбулі", ці "Крамбамбуля" ад іх.
Лідар гурта "Крамбамбуля" Лявон Вольскі распавёў "Еўрарадыё", што музыкі не адмаўляліся ад выступу на фестывалі "Камяніца". Гэта была звычайная забарона, як і ўсе мінулыя за апошнія паўтара года. Ці праўда былі нейкія тэлефанаванні зверху, мы запыталіся ў арганізатара фэсту Сяргея Чагрынца.
Еўрарадыё: Хацелася б яшчэ раз у вас удакладніць, з-за чаго ўсё ж такі Вольскі і кампанія так і не з'явіліся на сцэне?
Сяргей Чагрынец: Прычыны яны мусяць тлумачыць самі, бо як я магу каментаваць рашэнне людзей уласнымі думкамі. Але тое, што гэта было іх рашэнне — адназначна. Пра астатняе пытайцеся ў іх! Шчыра кажучы, я не бачу прычын для мітусні. Ну, так! Яны нас крыху падвялі, тым што позна паведамілі, але з іншага боку, іншыя калектывы, якія выпадалі ў працэсе... чаму да іх такой увагі няма?
Еўрарадыё: Бо цяпер кажуць, што было тэлефанаванне зверху наконт выступу "Крамбамбулі"...
Сяргей Чагрынец: Вось у гурта і спытайцеся, што там было! А вы чыталі іх лісты на "Фэйсбуку"? Уважліва? Бачылі, што ўжо 13-га верасня яны заклікалі сваіх сяброў на іншае мерапрыемства? Вольскі пісаў, што з "Камяніцай" не атрымаецца. Яшчэ да размовы з намі. Пачытайце, тады вам стане зразумела, што яны, магчыма, і не планавалі выступу... але дакладна я не ведаю!
Еўрарадыё: То бок вам ніякага тэлефанавання зверху з забаронай на выступ гурта не было?
Сяргей Чагрынец: Мне — не!
Еўрарадыё: Наколькі я разумею, акрамя вас нікому тэлефанаваць і не маглі, так?
Сяргей Чагрынец: Мяне здзіўляе, што мы цяпер займаемся піярам аднаго калектыву. Мне б хацелася нейкім піярам фестывалю займацца, а не калектыву. Але ўсіх цікавіць адно пытанне... Яны што, у краіне адны, ці што!? Лепш бы напісалі пра тое, што ўпершыню сабралі такую колькасць маленькіх дзетак! Я глядзеў фотаздымкі, усе фатаграфуюць асноўную сцэну... а дзеці? 157 дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі? Як жа яны, гэтыя камочкі шчасця, дзеля якіх гэта ўсё і рабілася? А мы ўсё шмальцуем Вольскага і кампанію.
Нагадаем, што "Крамбамбуля" мусіла стаць хэдлайнерам фестывалю "Камяніца", які прайшоў 15 верасня ў строчыцкім "Музеі народнай архітэктуры". Але за дзень да фэсту стала вядома, што гурт выступаць не будзе. Лідар "Крамбамбулі" Лявон Вольскі выказаў меркаванне, што прычынай забароны стаў нядаўні выступ музыкі ў рамках Музычнага марафону салідарнасці з палітвязнямі.