Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў патрабуе адстаўкі ўраду

Ярашук: “Заява была прынята 25 траўня падчас паседжання нашай Рады (БКДП) і мы як адзіны незалежны прафсаюз не маглі не адрэагаваць на цяперашнюю сітуацыю, якая патрабуе выключных мер і тэрміновай рэакцыі з бокаў уладаў. І таму мы кажам перш за ўсе, што трэба ажыццяўляць праграму першачарговых мер, каб стабілізаваць эканамічную сітуацыю, валютны рынак, рынак тавараў, выправіць сітуацыю з заробкамі. Самае галоўнае, што мы патрабуем у вырашэнне гэтага прынцымовага пытання – карэнная змена эканамічнага курсу. На нашую думку, падзеі, якія цяпер адбываюцца, сведчаць пра поўнае банкруцтва сённяшняга эканамічнага курсу. Мы зыходзім з таго, што павінен быць прынцыпова іншы курс. Нашая арганізацыя не адзін раз казала, што рана ці позна сённяшняя эканамічная мадэль прывядзе краіну ў тупік, так і здарылася”.

Еўрарадыё: Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч паведаміў Еўрарадыё, што ў іхных планах арганізацыя Нацыянальнага сходу 8 красавіка. Ці Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў падтрымлівае гэтую ідэю? Можа ён таксама прадстаўлены ў ініцыятыўнай групе?

Ярашук: БКДП не прадстаўлены ў ініцыятыўнай групе, я першы раз чую пра гэтую ініцыятыву. Мы не захопленыя філасофіяй, што рух – усё. Лепш менш ініцыятываў, якія не прыцягваюць увагу людзей. Я не маю намеру ставіць пад сумнеў патрэбу правядзення гэтага сходу. Я баюся толькі, што ў чарговы раз гэты сход будзе бессэнсоўным мерапрыемствам”.

 

Еўрарадыё: А якая стратэгія ў вашай арганізацыі?

 

Ярашук: “Нашая арганізацыя - рэальная арганізацыя. Мы ад іншых адрозніваемся тым, што мы маглі рэальна пастаяць за свае правы, правы працоўных. Вы, можа, ведаеце пра гісторыю са скасаваннем прэферэнцыяў і пасля гэтага ўрад мусіў зрабіць нейкія крокі па аднаўленні нашай працы. Мы цяпер вярнуліся ў сацыяльны дыялог на нацыянальным ўзроўні, з нацыянальным урадам па сацыяльных і працоўных пытаннях. Мы можам сядзець за адным сталом з урадам, з наймальнікамі, з дзяржаўным прафсаюзам і патрабаваць змены эканамічнага курсу, гэта па-першае. Па-другое, мы можам уплываць на сацыяльнае становішча з правамі працоўных і прафсаюзаў праз міжнародную супольнасць, Міжнародную арганізацыю працы, Федэрацыю прафсаюзаў. Мы сыходзім з таго, што калі ў краіне павінна нешта мяняцца – гэта павінны быць абсалютна рэальныя дзеянні, якія выцякаюць з той сітуацыі, якая складваецца, а не з нейкай віртуальнай палітыкі, віртуальных дзеянняў.  І мы пра гэта гаворым ў заяве, што мы адзіны незалежны прафсаюз, які бярэ на сябе ўсю адказнасць ажыццяўляць тыя крокі, якія лічым мэтазгоднымі. І калі будзе патрэбна, падымаць народ на канкрэтныя акцыі пратэсту”.

 

Еўрарадыё: На тых прадпрыемствах, да якіх вашая арганізацыя мае доступ, ці ўзраслі пратэстныя настроі?

 

Ярашук: “Было б няправільна казаць, што сфармаваўся нейкі пратэстны настрой. Але можна сведчыць, што фармаванне гэтага настрою мае месца. Я мяркую, што ва ўлады дастаткова рэсурсаў і запасаў трываласці, каб эканамічную сітуацыю стабілізаваць, каб не адбылося сацыяльнага выбуху. Але сённяшні эканамічны курс тупіковы, таму калі ўрад не будзе прымаць адпаведных захадаў па змяненню эканамічнай палітыкі, то магчымыя стыхійныя страйкі, спыненне працы, акцыі пратэсту. Мы не падштурхоўваем да гэтага, мы не маем на мэце спекуляваць сітуацыяй, але мы гатовыя да любога развіцця падзеяў. Мы заявілі: калі ёсць адказнасць з боку ўладаў, трэба фармаваць новы урад, бо няма ніякай логікі, каб сённяшні Урад, які страціў давер, і надалей мог выпраўляць сітуацыю. І калі такі ўрад фармаваць, то як Нацыянальны ўрад даверу з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў – гэта было б яскравым палітычным сігналам да таго, што ўлады асэнсоўваюць сваю адказнасць на цяперашні момант і ў эканоміцы, і ў палітыцы, бо гэта непарыўнае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі