Карбалевіч: І без прымірэння газ і нафта будуць ісці ў Беларусь
На думку палітолагаў, адносіны Лукашэнкі і Мядзведзева разарваныя канчаткова, а Расія не збіраецца прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі.
Тым не менш на існаванні Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза гэта не адаб’ецца.
У сваім відэаблогу прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў выклаў сяміхвілінны ролік, у якім раскрытыкаваў беларускае кіраўніцтва і Аляксандра Лукашэнку.
Гэта стала яго адказам на крытыку Расіі беларускім кіраўніком падчас
чатырохгадзіннай сустрэчы апошняга з расійскімі рэгіянальнымі
журналістамі. Такім чынам, інфармацыйная вайна паміж нашымі краінамі
перайшла ў новую фазу.
На думку сябра расійскага Савета Асацыяцыі палітычных экспертаў і кансультантаў Кірыла Коктыша,
сваім пасланнем кіраўнік Расіі даў зразумець свайму беларускаму калегу,
што ён не збіраецца прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі.
Кірыл Коктыш: “З
боку Мядзведзева гэта дэкларацыя таго, што ён не збіраецца прызнаваць
вынікі выбараў у Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзная заява, якая можа мець
вельмі сур’ёзныя наступствы беларуска-расійскіх адносінаў. Заява была
добра падрыхтавана: Мядзведзеў сказаў пра тое, наколькі важныя адносіны з
беларускім народам для расійскага народа і для яго асабіста. Пасля чаго
падкрэсліў, што беларускі прэзідэнт перайшоў нейкія межы і што далей
расійскі прэзідэнт не лічыць магчымасць працягваць камунікацыю. Апроч
таго, ён дасылае мэсэдж Еўрасаюзу, каб той вызначыўся са сваёй пазіцыяй
па беларускіх выбарах”.
Паводле словаў палітолага, Мядзведзеў
яшчэ ні разу не адступіў ад свайго слова і ўсе абяцанні выконваў. А
непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Расіяй будзе мець для Беларусі
зусім іншыя наступствы, чым непрызнанне іх Захадам. Беларусь не толькі
завязаная на расійскія энерганосьбіты, але і асноўны рынак збыту нашых
тавараў знаходзіцца менавіта на Ўсходзе. Праўда, кажа Коктыш, на
існаванні Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза гэта непрызнанне ніяк не
адаб’ецца.
З тым, што сітуацыя дайшла да той ступені, калі прымірэнне паміж Лукашэнкам і Мядзведзевым стала немагчымым, згодны і палітолаг Андрэй Суздальцаў.
Андрэй Суздальцаў: “Адносіны
разарваныя, і разарваныя канчаткова. І Аляксандр Рыгоравіч зрабіў для
сябе выснову, выступаючы 1 кастрычніка перад рэгіянальнымі расійскімі
журналістамі, што Масква не прызнае выбары. Ён гэта зразумеў. І зараз
адносіны пераходзяць у новую стадыю — жорсткага супрацьстаяння.
Зразумела, кожны будзе казаць, што ён прыхільнік інтэграцыі, што народы ў
нас братэрскія. Гэта ўсё правільна, і гэта фармат. Але насамрэч
адносіны будуць пагаршацца, тэндэнцыя гэтая будзе працягвацца”.
Палітолаг
кажа, што Крэмль будучы лёс Аляксандра Лукашэнкі для сябе вызначыў яшчэ
ў 2005 годзе. Але чакаў, што разрыў адносінаў настане ў 2011-м — пасля
ўвядзення ў дзеянне першай чаргі газаправода “Нордстрым”. Але
Мядзведзеў, лічыць Суздальцаў, чалавек малады і заўчасна не стрымаў
эмоцыі.
З тым, што кіраўнікі Расіі і Беларусі будуць працягваць лаяцца паміж сабой, згодны і беларускі палітолаг Валеры Карбалевіч. Але адзначае: ніякага канчатковага разрыву адносінаў паміж краінамі, адклікання амбасадараў не будзе.
Валеры Карбалевіч: “Адносіны
могуць развівацца і без усялякага прымірэння, і без усялякіх саступак з
чыйгосьці боку. Газ будзе ісці ў Беларусь, нафта — будзе ісці. Хутчэй
за ўсё, аб’ём бязмытнай нафты і ў наступным годзе будзе. Беларусь возьме
на сябе старшынства ў АДКБ, будуць працягвацца адносіны ў рамках
Мытнага саюза, будуць ісці перамовы па стварэнні адзінай эканамічнай
прасторы. І адначасова будуць лаяцца кіраўнікі паміж сабой. Вось гэта
той сцэнар, які, я думаю, будзе развівацца”.
І нагадаў, што ў
самы разгар інфармацыйнай вайны і паказу па НТВ “Хроснага бацькі”
менавіта прадстаўнікі Расіі выступілі ў абарону беларускага рэжыму
падчас пасяджэння Савета ААН па правах чалавека.
З калегам не згодны яшчэ адзін беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў.
Згодна з яго словамі, Мядзведзеў ставіць пад пытанне не толькі
легітымнасць выбараў у Беларусі, але і ўсіх сумесных праектаў паміж
нашымі краінамі.
Юрый Шаўцоў: “Мядзведзеў практычна
паставіў пад пытанне прызнанне легітымнасці прэзідэнцкіх выбараў у
Беларусі. А гэта азначае, што пастаўленая пад пытанне Саюзная дзяржава,
вышэйшы ўзровень кантактаў паміж краінамі. Гэта азначае, што Расія можа
ўвесці такія ж абмежаванні на кантакты з Беларуссю, якія былі ўведзеныя
Захадам. Ускосна пастаўлена пытанне і аб дзеяздольнасці АДКБ. Бо
Беларусь, згодна са статутам АДКБ, мае магчымасць паралізаваць яго”.
Шаўцоў
адзначае, што Мядзведзеў рыхтуецца да сваіх прэзідэнцкіх выбараў. І
Беларусь стала адной з асноўных тэм ягонай перадвыбарнай рыторыкі. І яго
канфлікт з Лукашэнкам з пазіцыі ліберала, вельмі падобнага паводле
пазіцыі на заходніх палітыкаў, выглядае натуральным.