Карл Більт: Лукашэнка паліць апошнія масты

Еўрапейскія міністры жорстка адрэагавалі на рашэнне ўладаў Беларусі выслаць з краіны кіраўніцы Прадстаўніцтва Еўрасаюза і амбасадара Польшчы.

"Усё больш і больш Лукашэнка ўпадае ў адчай. І цяпер гэта бачна вельмі добра. Адкліканне амбасадараў ЕС і Польшчы — гэта крок, які сутыкнецца з адказам усяго Еўрасаюза. Дыктатар пачынае паліць за сабой апошнія масты, а гэта не значыць, што ён добра скончыць", — перадаюць словы старшыні замежнага ведамства Швецыі Карла Більта польскія СМІ.

На думку літоўскага міністра Ажубаліса, рашэнне Лукашэнкі адклікаць амбасадараў ЕС і Польшчы — вялікая памылка. "Вельмі шкада, што ён так паступіў. Гэта нямудры крок, бо акдліканне амбасадараў, якія з'яўляюцца самымі важнымі постацямі для правядзення дыялогу, — гэта яснае пацверджанне, што ён больш дыялог весці не хоча", — заявіў Аўдроніс Ажубаліс.

"У знак салідарнасці і еднасці, вырашана, што амбасадары ўсіх краін ЕС будуць адкліканы з Мінску на кансультацыі ў іх сталіцы. Усе краіны ЕС таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае замежныя міністэрствы", — паведамляе ў спецыяльным звароце Кэтрын Эштан, абмеркаваўшы беларускае пытанне на надзвычайнай сустрэчы ў Брусэлі.

Сігнал да такой хуткай і жорсткай рэакцыі даў нямецкі замежны міністр Гіда Вэстэрвеле, які першы прыняў рашэнне адклікаць свайго амбасадара з Мінску. "Дыктатар памыляецца, думаючы, што можа нас падзяліць. Мы будзем рэагаваць разам, ЕС ды Польшча могуць разлічваць на поўную салідарнасць Нямеччыны", заявіў міністр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі