Кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі: сустрэча з Пуціным не планавалася
Двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў рамках Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД не планавалася.
Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік прэс-службы Лукашэнкі Павел Лёгкі.
"У нас прайшлі дзве двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтамі Украіны і Туркменістана, — адзначыў Лёгкі. — Большая частка зносінаў усіх прэзідэнтаў праходзіла за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці прэс-сакратароў, таму з кім яшчэ размаўляў прэзідэнт, праінфармаваць не магу".
Нагадаем, 5 снежня Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ашхабадзе. Прэс-служба Крамля паведамляла аб двухбаковых сустрэчах Уладзіміра Пуціна з Віктарам Януковічам, а таксама прэзідэнтамі Казахстана Нурсултанам Назарбаевым і Арменіі Сержам Саргсянам.
Некаторыя палітолагі не выключаюць, што Пуцін мог пакрыўдзіцца на свайго беларускага калегу за яго нядаўнія выказванні датычна здароўя расійскага лідара.