Крысціна з метро: "Я нават на вучобу не хаджу, таму што страшна"
Дзяўчына змяніла месца жыхарства, таму што ў інтэрнэце выклалі яе хатні адрас і былі пагрозы.
Еўрарадыё знайшло сведку падзеяў, які сядзеў насупраць, побач з маці інваліда
Крысціна: Мяне абражалі, пагражалі. Я выдалю сваю старонку ужо проста. Занадта шмат негатыву. Мне страшна хадзіць па вуліцы. На мяне ў транспарце людзі глядзяць. Пагрозы пісалі на сцяне, і потым у асабістыя паведамленні. "Тварына, мы цябе знойдзем", ну, і ўсякія абразы. Дайшло да таго, што я памяняла месца жыхарства. Таму што там пісалі мае адрасы, пагражалі прыйсці да мяне дадому.
Еўрарадыё: Хто пісаў?
Крысціна: Я не ведаю, хто гэта пісаў. Я нават на вучобу не хаджу, таму што страшна.
Еўрарадыё: З таго часу зусім не выходзьце на вуліцу?
Крысціна: Выходжу, але выглядаю вельмі па-іншаму.
Еўрарадыё: У метро ездзілі?
Крысціна: Так, але на мяне вельмі звяртаюць увагу, пальцамі тыкаюць: "Вунь, гэта тая з метро". У каледжы мая сяброўка ішла і чула, што нейкія хлопцы пра мяне кажуць: "Дзеўцы, напэўна, ужо жыць надакучыла". Я закрывала твар, апранала іншую вопратку, але ўсё роўна чула, як шапталіся і пальцамі паказвалі.
Еўрарадыё: Як вы даведаліся, што вас шукаюць?
Крысціна: Даведаліся пра гэта па тэлевізары.
Еўрарадыё: А як вас затрымлівалі?
Крысціна: Усе кажуць, што злачынцы былі затрыманыя, а мы самі прыехалі. Я была ў мамы, раніцай мы ўсталі, і збіраліся ехаць. Мама патэлефанавала ў міліцыю і спытала, куды ехаць. А яны пытаюцца: "Дзе вы? Мы за вамі самі прыедзем". Мы выйшлі на вуліцу, мама з маленькім дзіцём.
Еўрарадыё: Астатніх таксама міліцыя прывезла ў РУУС?
Крысціна: Яны самі прыехалі, толькі мяне прывезлі. Іх старонкі быццам бы нават не знайшлі ў ВК.
Еўрарадыё: Дык, як яны тады трапілі ў міліцыю?
Крысціна: Дык яны самі прыйшлі ў міліцыю, а знайшлі, атрымліваецца, толькі мяне.