Ластоўскі: Калі так дзейнічалі, значыцца — так трэба было
Так прэс-сакратар мінскай міліцыі пракаментаваў дзеянні людзей у цывільным на акцыі 29 чэрвеня: яны не называліся і не тлумачылі прычын затрымання.
Падчас “маўклівай акцыі” 29 чэрвеня было толькі ў Мінску затрыманыя больш за 160 чалавек. Паводле сведчанняў відавочцаў, невядомыя людзі ў цывільным затрымлівалі ледзь не часцей за супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме.
Такі невядомы ў цывільным без прадстаўлення і тлумачэнняў затрымаў ля “Макдональсда” Рыму Ушкевіч.
Рыма Ушкевіч: “Ён ззаду падышоў (чалавек у цывільным — Еўрарадыё) і папрасіў нас з сяброўкай сысці з гэтага месца. А на маё пытанне: “На якой падставе гэта трэба зрабіць?” ён сказаў: “Пайшлі, растлумачу на якой падставе”. І, штурхаючы мяне ў спіну, павёў. Завёў мяне ў арку, дзе стаяла звычайная маршрутка №1175. Там сядзелі прыкладна 6 міліцыянераў у форме. Ён мяне туды павёў і разам з яшчэ адным хлопцам, якога я не ведаю, нас загрузілі ў гэтую маршрутку”.
Згодна са словамі дзяўчыны, у маршрутцы яны сядзелі каля гадзіны, цягам якой Рыма і затрыманы хлопец дамагаліся высветліць, за што іх затрымалі. І, кажа, нават міліцыянты пачалі звяртацца да цывільнага з просьбамі адпусціць хаця б дзяўчыну. Але той не пагаджаўся.
Рыма Ушкевіч: “Некалькі міліцыянтаў прасілі адпусціць мяне, але гэты чалавек адмаўляў кожны раз. Праз гадзіну нас вывелі з маршруткі і павялі далей у двары, дзе стаяў міліцэйскі УАЗ. Нас мусілі везці ў РАУС. Але тут нехта патэлефанаваў гэтаму цывільнаму і мяне ўсё ж адпусцілі”.
Хто такі быў той цывільны, Рыма так і не дазналася — сваё прозвішча і месца працы ён так і не назваў.
Такіх прыкладаў затрыманняў шмат. Але ў адказ на пытанне наконт таго, хто гэта быў, якімі паўнамоцтвамі яны валодаюць і ці правамоцнымі былі дзеянні гэтых асобаў, кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі заявіў, што міліцыя сама выбірае, як дзейнічаць.
Аляксандр Ластоўскі: “Чаму мы ўпускаем той момант, што адбывалася масавае мерапрыемства? І як міліцыя дзейнічала — гэта пытанне толькі міліцыі. Я не да таго, што яна на ўсё мае права, але да таго, што міліцыя адказвае за свае дзеянні. Адпаведна, калі так дзейнічалі, значыцца — так трэба было. Гэта я магу сказаць адназначна. А наколькі законная гэтая тактыка — тут я нічога сказаць не магу”.
І параіў звяртаць увагу на свае паводзіны.
Аляксандр Ластоўскі: “Трэба не зважаць на тое, хто іх і як затрымлівае, а найперш падумаць: ці не парушаюць яны сваімі паводзінамі закон? Калі вы не парушаеце закон, то вас і хапаць ніхто не будзе”.
Еўрарадыё пацікавілася ў прадстаўніка мінскай міліцыі, што было б, калі б чалавек пачаў адбівацца ад невядомых. Паводле Аляксандра Ластоўскага, калі зыходзіць з таго, што гэтыя цывільныя — супрацоўнікі міліцыі, то ў пратаколе б з’явілася абвінавачванне ў супраціве супрацоўнікам праваахоўных органаў.
Юрыст Гары Паганяйла таксама засцерагае ад такога супраціву.
Гары Паганяйла: “Даваць рэкамендацыю “Калі ты моцны фізічна — бі гэтых нягоднікаў!” я не магу. Бо паб’юць гэтыя малойчыкі. Яшчэ і здароўе аднімуць, не дай Бог. Хаця, безумоўна, грамадзяне маюць права ўжываць насілле да тых, хто так незаконна дзейнічае”.
Тое ж раіць і праваабаронца Наста Лойка. У той жа час, кажа, неабходна патрабаваць, каб яны прадставіліся і патлумачылі прычыну затрымання. Далей як мага большай колькасці людзей паведаміць пра сваё затрыманне — сваякам, журналістам, праваабаронцам. І абавязкова абскарджваць дзеянні міліцыі пасля вызвалення. Незалежна ад таго, склалі пратакол ці не.