Легендарная “Голая манашка” выступіць класічным складам

Як распавёў Еўрарадыё лідар гурта Фёдар Жывалеўскі, на сцэне Loft музыкі з’явяцца квартэтам “узору” 2008 года — да "класічнага" складу дадасца новы бас-гітарыст Іван Давыдоўскі.

“Праграма будзе напалову акустычнай, напалову электрычнай, — распавядае Фёдар. — Мы вырашылі ўзгадаць старыя песні і сыграць некаторыя з новых. А без акустычных нумароў наш гурт ужо немагчыма ўявіць — мы ўвогуле любім граць не вельмі гучныя песні з сэнсам. Будуць і беларускія пераклады замежных хітоў”.

Такім жа па фармаце музыкі плануюць зрабіць і свой будучы альбом — Фёдар лічыць, што ўсе кампазіцыі неяк канцэптуальна гучаць адна за адной і ў гэтым няма нічога страшнага:

"Гэта будзе той жа гранж, які мы заўжды гралі, але даводзіцца яшчэ некаторым чынам звяртаць увагу і на лірычную частку. Такім чынам, стылістыка часам нечакана мяняецца, але ўсё ж прысутнічае адна і тая ж мэта. Самы галоўны акцэнт ставіцца не непасрэдна на гранж, а на тое, каб падаць нейкую думку, ідэю праз гэтую музыку".

"Nota Bene" — гэта праграма з хрысціянскім адценнем ды з рысамі жыццёвага беларускага характару. Падтрымае "Голую манашку" падчас канцэрта гурт "Re1ikt", які таксама рыхтуе да гэтага вечара асаблівую праграму, куды ўвойдуць зусім новыя, добра вядомыя і забытыя рэчы ў свежых, часам, нечаканых аранжыроўках.

Прэзентацыя праграмы адбудзецца 24 лютага ў сталічным Loft cafе, пачатак ў 19.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі