Лілія Кобзік: Упершыню ў людзей не хапае грошай на Егіпет
Рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" распавядае, як адпачываюць беларусы ў крызіс і куды паедуць на Новы год.
Еўрарадыё: Егіпет быў папулярным месцам адпачынку, але цяпер гэта даволі небяспечна. Ці ездзяць беларусы ў Егіпет па-ранейшаму?
Кобзік: Месца, вядома ж, не надта бяспечнае, мяркуючы па хроніках «Еўраньюз», але, праўду кажучы, на турызм такія навіны робяць невялікі ўплыў. Асабліва ў нашай краіне, дзе людзі прызвычаіліся жыць як набяжыць: калі ёсць грошы, трэба адпачываць. І тут мы падыходзім да найважнейшай праблемы: ці ёсць грошы. Бо аказваецца, што гэта важней за нейкія палітычныя падзеі і карцінкі ў навінах. Цяпер першы такі сезон, калі ў людзей, у беларусаў, грошай няма на Егіпет. Грошай неставала на нейкую шалёную прыгожую экзотыку, іх іншы раз не было на летні адпачынак, іх заўсёды неставала на гарналыжны адпачынак, бо той – другі на год, але на Егіпет у людзей грошы былі заўсёды. А вось цяпер людзі перасталі іх мець. Гэта паказнік таго, што адбываецца ў нас.
Еўрарадыё: А цэны не змяніліся на пуцёўкі, калі там танкі на вуліцах?
Кобзік: Яны вельмі змяніліся. То бок, калі некалі адпачынак каштаваў тысячу на асобу – з вылетам з Мінска, то цяпер ён прадаецца за меншую цану, як цана авіябілета. Білет да ўчорашняга дня каштаваў 630 долараў, з заўтрашняга дня ён будзе каштаваць 600 долараў, а турпакет для дваіх, у чатырохзоркавы гатэль, дзе ўсё ўлічана, каштуе 420 долараў на асобу, то бок 840 долараў.
Еўрарадыё: Ну, нішто сабе! Калі раней за 1000 – адна асоба, то цяпер за васемсот – два чалавекі адразу атрымліваецца.
Кобзік: Так. Але мы зноў жа бачым нейкую перакручанасць нашага свету. Раней для нашага сярэдняга класу была даступная гэтая тысяча, цяпер яна ператварылася ў чатырыста, але гэты бар'ер застаўся.
Еўрарадыё: Дарма, што грошай на Егіпет няма, багатыя людзі усё ж ёсць. Ці былі ў вас выпадкі, калі нехта хацеў наведаць Егіпет, каб, напрыклад, паглядзець на рэвалюцыю?
Кобзік: Акурат на рэвалюцыю – такіх выпадкаў не было. Я спецыяльна недзе з тыдзень таму цікавілася, ці гэта магчыма. Аказалася, што няма ані заказаў такіх, ані прапановаў – для адрэналінчыку, экстрэмальна. Але здаралася, што людзі з нейкіх трэціх краін хацелі трапіць на плошчу Тахрыр, паглядзець на самую атмасферу, атрымаць асалоду ад экстрэмальнага турызму. Кажуць, што такіх у краіну нават не пускалі, але гэтая інфармацыя не спраўджаная. Але кожны наш турыст, будучы ў Хургадзе, у Шарм-эш-Шэйху можа пайсці, толькі гэта не рэкамендуе нашае МЗС, стрымліваюць турфірмы, бо турысты будуць вымушаны дбаць пра сябе самі, з іх адказнасць здымаецца. Ствараецца нейкая надзвычайная сітуацыя, якая нават не прапісаная ў страхоўцы. Але фірма не бярэ на сябе ніякай адказнасці за тое, што можа адбывацца ў краіне, калі вы, напрыклад, будучы ў Хургадзе, вырашыце паехаць у Каір на плошчу.
Еўрарадыё: У цёплыя краіны беларусы любяць ездзіць, калі халодна ў нас? Узімку.
Кобзік: Надта любяць! Надта! Наогул, склаўся цэлы клас людзей, якія лічаць сябе нейкімі «рыбамі», якія патрабуюць мора, якія вельмі любяць цяпло… Згадзіцеся, у нас у краіне часта кажуць пра сябе, што любяць цяпло, дарма што мы балцкія людзі, у нас іншы клімат: хмары, дождж. Але тыя некалькі дзесяцігоддзяў, калі можна было нешта зарабіць, паехаць, калі адкрытыя межы выпрацавалі ў людзей патрэбу перамены клімату, атмасферы, убачыць нешта іншае, адчуць нешта інашае. Вельмі доўга людзі не маглі чагосьці новага адчуць. І гэта былі гады, калі можна было некуды вырвацца, не замыкацца. Людзі гэта палюбілі. Таму цяпер ці наўрад штосьці спыніць людзей, якія прывыклі падарожнічаць. Сітуацыя даволь добрая, дарма што для нас гэта трохі дорага – на Гоа, Шры-Ланка, часткова Тайланд – з пералётам трохі даражэй – цэны добрыя.
Еўрарадыё: Колькі каштуюць такія варыянты?
Кобзік: Можна ў трохзоркавы гатэль вылецець за пяцьсот даляраў, на дзесяць дзён. І гэта вельмі танна. Будзе магчымасць «бюджэтнай» перавозкі, можна будзе ляцець з Вільні, з Берліна, з Франкфурта за сто еўра, кажучы ўмоўна. І – маленькія кошты на пражыванне, вельмі малыя ўнутры краіны. Часам людзі баяцца, як будуць выглядаць у параўнанні з тымі ж расійскімі турыстамі ўнутры краіны, калі танны кірунак. Але калі кошты ў краінах малыя, адпаведна кірунак будзе менш каштоўны.
Еўрарадыё: А ў Тайланд паехаць, напрыклад, на Новы Год, колькі каштуе? «Бюджэтны» варыянт…
Кобзіч: «Бюджэтны» варыянт фірмы хутчэй не будуць прапаноўваць. Будзе, мабыць, пакет дарагі – некалькі тысяч долараў, але тэндэнцыя такая, што ўсё больш людзей браніруюцца самі. Яны ведаюць, як гэта рабіць, ёсць інтэрнэт-старонкі, калектары авіяцыйныя, якія ім гэта прапаноўваюць, ёсць booking.com, дзе вы можаце зарэзерваваць усё, што хочаце, у любым пункце нашай планеты, акрамя Беларусі. Недзе каля Новага Года, падчас Калядаў, праваслаўных ці каталіцкіх, гэта можна зрабіць, але толькі, калі вы робіце самастойна, бо турпакет такі фірма не прапануе. А ў Егіпет прапануе. Існуюць арганізаваныя чартэры, арганізацыі, якія перажываюць не найлепшыя свае часіны, бо ад рынку нямнога засталося. Але мы спадзяемя, што рынак адновіцца да вясны.
Еўрарадыё: А на Новы Год беларусы імкнуцца паехаць у цёплыя краіны ці не? Ці ўсё ж такі нашыя суайчыннікі хочуць сядзець дома ў снезе пад ёлкай?
Кобзік: Беларусы не вельмі хочуць сядзець дома, а едуць у Еўропу на Новы Год: у Чэхію, Польшчу, Літву… У нас не настолькі ўзбагачаліся пакаленні, каб такое сямейнае свята правесці сярод экзотыкі, выбраць іншы клімат і харчаванне. У нас ёсць адпаведная культура быту і піцця на Новы Год – экзатычныя краіны не могуць быць, бо надта горача, каб адсвяткаваць Новы Год. Таму на навагоднія святы беларусы аддаюць перавагу еўрапейскаму стылю. Хто ж можа дазволіць сабе гарналыжны курорт? Вядома ж, гэта – снег, гэта – казка, усё хораша і пухка тады… Але таннейшыя еўрапейскія сталіцы або правесці свята дома, на дачы. Сёння можна зняць катэдж: петарды, ялінка – што можа быць лепшае за гэта?