Літоўская амбасада выдала візу чыноўніцы са "спісу неўязных"
Віза датаваная 4 жніўня — днём арышту ў Мінску праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Гаворка ідзе пра намесніцу міністра юстыцыі Алу Бодак, якую днямі спынілі на мяжы з Літвой, паведамляе партал DELFI. Чыноўніца ўнесеная ў "чорны спіс" Еўрасаюза.
Па словах памежнікаў, выдаючы візу, службовыя асобы ў літоўскай амбасадзе мусілі правяраць усё, і яны мелі базу звестак па непажаданых асобах. Віза беларускай чыноўніцы была ануляваная на мяжы з Літвой. МЗС Літвы сваю афіцыйную пазіцыю пра візу, выдадзеную Бодак, абяцае агучыць пазней.
Нагадаем, што літоўскія чыноўнікі паведамілі Беларусі звесткі аб рахунках праваабаронцы Алеся Бяляцкага. На падставе гэтых звестак яго затрымалі і абвінавацілі ва ўтойванні даходаў у буйным памеры. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Паплечнікі кажуць, што грошы былі пералічаныя на праваабарончую дзейнасць.
У чацвер высвятлілася, што інфармацыю пра банкаўскія рахункі Бяляцкага выдала Беларусі не толькі Літва, але і Польшча, і Чэхія.