Літоўскія адвакаты: Адвакаты – справа не танная, гэта ўсё вельмі дорага
Еўрарадыё пагаварыла з супрацоўнікамі юрыдычнай кампаніі LAWIN, якая прадстаўляе інтарэсы Уладзіміра Пефціева ў спрэчцы з Саветам ЕС.
Беларускі бізнэсовец Уладзімір Пефціеў аспрэчвае санкцыі, накладзеныя Еўрасаюзам асабіста на яго і на яго кампаніі. Рашэнне Савета ЕС накласці санкцыі на кампаніі Уладзіміра Пефціева ЗАТ “Белтэхэкспарт”, ПУП “БТ Тэлекамунікацыі” і ЗАТ “Спорт-пары” было прынятае з мэтай узмацнення фінансавага ціску на беларускія ўлады, каб прымусіць іх спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі.
Інтарэсы Пефціева ў чатырох ісках супраць Савета ЕС прадстаўляе аўтарытэтная літоўская юрыдычная кампанія LAWIN. Еўрарадыё датэлефанавалася да офіса літоўскіх адвакатаў і даведалася, што прадстаўляць інтарэсы беларускага бізнэсоўца з “чорнага спіса ЕС” будзе адвакат Вілія Вэйткутэ Паван (Vilija Vaitkutė Pavan). Праўда, па словах яе памочніцы, размаўляць з журналістамі тая пакуль не можа.
Памочніца адваката: Я думаю, што ў дадзеным выпадку яна не зможа адказаць вам ні на адно пытанне.
Еўрарадыё: Нават, калі гэта будуць пытанні, так бы мовіць, агульнага характару?
Памочніца адваката: Я б не хацела вадзіць вас за нос і казаць, што яе няма ці яшчэ што – яна не хацела б пакуль ні на адно пытанне адказваць. Не мае пакуль такой кампетэнцыі.
Еўрарадыё: Тады ў мяне да вас пытанне, як да супрацоўніцы кампаніі: калі раптам я апынуся ў гэтым спіску неўязных у ЕС і вырашу звярнуцца да вас па дапамогу, каб аспрэчыць гэта рашэнне Еўрасаюза – колькі гэта будзе мне каштаваць?
Памочніца адваката: Напэўна, вы і самі выдатна разумееце, што я не магу на гэта пытанне адказаць – у кожным выпадку гэта вельмі індывідуальна. Кожны кліент – індывідуальны і з кожным складаецца дамова. Увогуле, адвакаты – справа не танная. А колькі дакладна – мы і самі вам адразу не скажам. Але гэта ўсё, безумоўна, вельмі дорага.
Еўрарадыё: Гэтая справа: адстойваць правы чалавека, унесенага ў “чорныя спісы ЕС”, перад еўрапейскімі структурамі – наколькі яна была для вас нязвыклай і новай?
Памочніца адваката: Кожная справа – новая. Гэта – іншы кліент, іншая спрэчка. Усё новае!
Еўрарадыё: І ўсё ж – адстойваць правы чалавека, унесенага ў такі спіс, не кожны дзень даводзіцца?!
Памочніца адваката: Напэўна. Але гэта толькі мае здагадкі. Я ж не магу вам сказаць за ўсё кантору – наша кантора вельмі вялікая.
Еўрарадыё: Скажыце, а гэта адвакат павінен будзе даказваць у судзе, што чалавек не павінен быць у гэтым спісе ці прадстаўнікі еўраструктур мусяць даказваць суду, што ўнесены гэты канкрэтны чалавек у спіс быў законна?
Памочніца адваката: Калі адвакат прадстаўляе інтарэсы кліента – ён прадстаўляе ва ўсім яго інтарэсы. Ён абавязаны і абараняць, і даказваць, што да яго прымененыя нейкія санкцыі незаконна. Гэта агульныя правілы юрыдычныя. Для гэтага адваката і наймаюць – каб ён прадстаўляў яго інтарэсы.
Еўрарадыё: Сярод супрацоўнікаў вашай канторы няма размоў і апасенняў, што вядзенне справы беларускага бізнэсмэна з “чорнага спіса ЕС” можа сапсаваць імідж вашай фірмы?
Памочніца адваката: Я такога не чула. У нас у пашане кожны кліент і мы яго інтарэсы вельмі беражом. А які ён там... А наконт апасенняў... Думаю, гэта не важна. Я, і кожны з нас, робіць сваю справу і не думае пра гэта.
Фота з сайта кампаніі LAWIN