Лойка: Ведаем толькі, што затрыманы браў удзел у падзеях Плошчы
Абвінавачванне па справе “Аб масавых беспарадках” 19 снежня ў Мінску могуць прад'явіць яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі пратэсту.
Чарговы падазраваны па гучнай справе Святаслаў Барановіч быў затрыманы ў мінулую сераду і змешчаны на Акрэсціна. Пра гэта стала вядома толькі сёння. Вось што паведаміла Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка.
Лойка: “Пра тое, што ён мае статус падазронага менавіта па "масавых беспарадках і змешчаны пад вартай, мы дакладна ведаем. Сёння павінны прыняць рашэнне адносна яго статуса — прад'явяць абвінавачанне або вызваліць. Але хутчэй за ўсё, яны менавіта прад'явяць абвінавачванне. Абсалютна незразумела, адкуль узяўся гэты малады чалавек і чаму менавіта ён. Пакуль інфармацыі вельмі мала. Вядома, што яго сваякі з Вілейкі і сам ён таксама адтуль.
Мяркую, што ён прымаў удзел [у Плошчы]. Але чаму яго так позна знайшлі і толькі зараз "усплываюць" новыя людзі, даволі пужае і ўзнікаюць падазрэнні, што можа быць яшчэ не ўсё скончалася. Нагадаю, што ў нас яшчэ 7 чалавек у статусе абвінавачаных — 2 знаходзяцца за мяжой, папрасілі палітычны прытулак, і яшчэ 5 пад падпіскай знаходзяцца тут, у Беларусі. І які надалей будзе іх лёс, таксама незразумела. Тым больш, што гэта даволі вядомыя людзі — Анатоль Лябедзька, Уладзімір Кобец, Анатоль Паўлаў, Алег Корбан. Калі ім не зменяць артыкул 293-ці, то ім пагражае да 15 год. Спадзяемся, што ім перакваліфікуюць гэты артыкул, але на нейкую лібералізацыю і спыненне гэтай хвалі, надзеі даволі мала”.
Еўрарадыё: Якія можна зрабіць высновы? Магчыма, што гэта новая хваля рэпрэсій, з мэтай, каб зменшыць актыўнасць людзей, якія ўжо цяпер пачалі выходзіць на плошчы?
Лойка: “Што датычна крымінальнай справы, хоць і было агучана, што следства нібыта скончылася, насамрэч яго працягнулі яшчэ да верасня. На падставе гэтага не вяртаецца вялікая колькасць тэхнікі, якая была канфіскавана. І нам здавалася, што падоўжана менавіта для гэтага, каб праверыць паболей кампутараў, зацягнуць час, каб не аддаваць гэтую тэхніку. Але, відаць, яшчэ праводзяцца нейкія следчыя дзеянні. Беларускім уладам невыгодна зараз падаўжаць гэты спіс палітычных зняволеных, сітуацыя і так даволі складаная і вострая, але яны вырашылі на гэтым не спыняцца”.
Фота — bymedia.net