Лукашэнку крыўдзіць Міхалок, а КДБ – femen
А гендырэктар АНТ распавядае анекдот пра Лукашэнку. Еўрарадыё прыгадала гучныя падзеі зыходзячага году.
У зыходзячым годзе Еўрарадыё прыгадвае дзве значныя падзеі: абедзве звязаныя са спецслужбамі і крыўдай. Першае – перфоманс украінак “Фэмэн” на прыступках КДБ. Дзяўчаты распрануліся, пакрычалі “Жыве Беларусь” топлес і зыйшлі. Амаль усіх журналістаў, хто быў ля прыступак затрымалі. І пратрымалі 10 гадзінаў.
Украінак жа прыгоды чакалі пазней. Па іх словах увечары дзяўчат выкралі, вывезлі ў лес і паздзекваліся, перад тым, як адправіць на радзіму.
“Нас гвалтоўна вывелі з аўтобуса, загадалі скінуць верхнюю вопратку, падняць плакат са свастыкай. Яны аблівалі нас машынным алеем, абрэзалі мне нажом валасы, палівалі зялёнкай. Яны прымусілі нас зняць ніжнюю чатку вопраткі, білі нас палкамі... Гэтыя людзі ўсяляк здзекваліся з нас — усё яны фіксавалі відэакамераю”, - прыгадалі актывісткі па вяртанні з Беларусі.
Нічога так падарожжа.
Да Беларусі дзяўчаты з “Femen” праводзілі свае аголеныя перфомансы ў Ватыкане, Маскве і, вядома, у Кіеве. Але паездку ў Мінск яны называюць самай небяспечнай.
“Калі мы думалі, што падзеі ў Маскве з разборкамі з аховай, з уцёкамі ад паліцыі, са спробай таемна выехаць з Расіі — гэта было вельмі крута і жорстка, то Беларусь прадэманстравала — наколькі больш жорстка можа быць. Страшна было не апынуцца ў міліцыі ці ў КДБ, а страшна было знікнуць без вестак. Толькі дзякуючы СМІ нашы дзяўчаты засталіся жывымі”, - прызнаецца кіраўніца руху Ганна Гуцол.
Але дзяўчаты на гэтым не спыняюцца і абяцаюць, што прыедуць у Беларусь яшчэ.
Другая падзея таксама звязаная з жартам ды крыўдай. І больш сур’ёзнай. Галоўны Ляпіс пакрыўдзіў Лукашэнку ў адным з інтэрв’ю. Пракуратура Цэнтральнага раёну завяла справу і накіравала выказванні музыкі на экспертызу.
Сам Міхалок цяпер у Маскве. А следчы, які вядзе справу прызнаецца, што любіць песні Міхалка.
Пакуль Міхалка падазраюць у абразе, Еўрарадыё на прэс-канферэнцыі спытала кіраўніка краіны ці можна над ім жартаваць і наогул ці дазволеная ў нас іронія, раз такія справы. Лукашэнка адказаў, калі гэта гумар, а не абраза, то можна і нават папрасіў дырэктара АНТ распавесці пар яго анекдот. Той распавёў, значыць Кісялю можна. Але ніводзін жарт “Большой разницы” ці “Camedy club” пра Лукашэнку на дзяржаўным ТВ так і не паказалі.
Фота: ljapis.ru, dgz.livejournal.com