Ля Дома ўрада чыста, каля Педагагічнага ўнівера — вытаптаная сцяжынка

11 снежня зранку на плошчы Незалежнасці, асабліва каля Дома ўрада — чысціня. На плошчы яшчэ працуе снегаўборачная машына, поруч — мужчына з рыдлёўкай.

Прыборка снега на плошчы Незалежнасці

Але каля ўваходу ў Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка — снег.

Пра сцяжынку, якая вядзе ўздоўж універа, ужо і не варта казаць. Відаць, студэнты самі яе вытапталі. Ні тэхнікі, ні рабочых тут не бачна.

Сцяжынка каля БДПУ імя Максіма Танка

Затое ля Мінгарвыканкама ўжо прыбралі. Аб 11 гадзіне тут яшчэ працуе трактар і двое рабочых.

Каля Мінгарвыканкама

“Мы тут з сямі ранку. Звычайна тут прыбіраем, ад Мінгарвыканкаму мы ніяк не залежым”, — супакойвае супрацоўніца “Гаррэмаўтадар”.

Каля галоўнага будынку БДУ з рыдлёўкамі ажно пяць супрацоўнікаў “Метрапалітэна”, два трактары і машына.

“Снег тут заўжды прыбіраем самі, бо наша тэрыторыя. Розныя рабочыя выходзяць на ўборку”, — запэўнівае кіраўнік групы з рыдлёўкамі.

Крыху адыходзім ад цэнтру і — усё ўжо замецена. На прыпынку “Талстога”, што за вакзалам, працуе адзін трактар. Але чысціць толькі сцяжынку за прыпынкам. А людзі, каб дабрацца да транспарта, скачуць праз гурбы і ступаюць па калена ў снег.

Прыпынак "Талстога" нездалёк ад вакзала

“Ледзь залезлі ў тралейбус”, — скардзіцца юнак з дзяўчынай.

А вось у дварах па вуліцы Артылерыстаў дарожкі пачышчаныя. Але калі зайсці за інтэрнаты БДПУ імя Максіма Танка да будоўлі і сталоўцы — не чышчана. Толькі дарога з машынамі, пад якія незнарок можна трапіць, бо сцяжынкі ніякай няма.

У дварах па вуліцы Брылеўскай а дзявятай ранку ўсё замецена.

Двары на Брылеўскай

Праз паўгадзіны каля будынка КДБ на Незалежнасці ўжо прыбіраюць тры чалавекі.

Прыборка снега ля КДБ

Як паведамляюць Белта у Мінаблвыканкаме, на прыборцы вобласці працуе 900 адзінак тэхнікі. Цікава, колькі з іх прыбіраюць каля адміністратыўных будынкаў…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі