Магілёўскія ўлады не дазволілі святкаваць Дзень Волі
Прычына адмовы ў тым, што мерапрыемства не ўключанае ў гадавы план.
Такі адказ дала магілёўскім дэмакратам начальніца аддзела ідэалогіі мясцовага гарвыканкама Ала Галушка.
10 сакавіка тры актывісты дэмакратычнага руху Магілёва — Юрый Новікаў, Зміцер Салаўёў і Сяргей Фамін — падалі заяўку на правядзенне гулянняў у цэнтры горада з танцамі, спевамі і чытаннем вершаў. Актывісты хацелі, каб улады таксама далучыліся да святкавання 95-х угодкаў утварэння БНР.
Адмову ў правядзенні святочных гулянняў у цэнтры горада Новікаў назваў дзікунствам. Паводле яго, так можа сябе паводзіць толькі ўлада, якая не памятае свайго роду і племені.