Матэа Мекачы: Выбары — калі людзі свабодна выказваюцца. Гэтага мы не бачылі
Затое назіральнікі АБСЕ звярнулі ўвагу на вялікую колькасць лаяльных да ўладаў сябраў у складзе выбарчых камісій.
Спецыяльны каардынатар кароткатэрміновай місіі назірання за выбарамі АБСЕ Матэа Мекачы канчатковай ацэнкі парламенцкім выбарам у Беларусі пакуль не даў. Але папярэднія высновы зрабіў.
Матэа Мекачы: “Выбары ― гэта калі людзі могуць свабодна прамаўляць і арганізоўвацца. Мы гэтага не бачылі ў гэтай кампаніі. Прававая база не гарантуе таго, што выбары будуць праведзеныя ў адпаведнасці з абавязальніцтвамі АБСЕ. Былі праблемы з адвольнасцю праверкі подпісаў, а таксама не хапала нейтральнасці ў арганізацыі выбараў. Больш за 96% месцаў у камісіях займалі лаяльныя да ўраду грамадскія арганізацыі і партыі”.
Асаблівую ўвагу прадстаўнік АБСЕ звярнуў на немагчымасць удзельнічаць у выбарах вядомых па прэзідэнцкіх выбарах палітыкаў.
Матэа Мекачы: “Вядомыя палітычныя дзеячы, якія маглі адыграць ролю на гэтых выбарах, яны альбо знаходзіліся ў турме, альбо ім было адмоўлена ў рэгістрацыі, альбо з-за судзімасці, альбо — з-за адвольных адміністрацыйных дзеянняў. І з-за таго, што была такая абмежаваная канкурэнцыя, і выбар выбаршчыкаў быў абмежаваны”.
Што тычыцца пазітыву, то Матэа Мекачы адзначыў тэледэбаты. Але звярнуў увагу на тое, што яны былі не ў прамым эфіры, а ў запісы. І тое, што частка з іх была адцэнзуравана, а частка — увогуле не выйшла ў эфір з-за таго, што кандыдаты заклікалі да байкота выбараў.
У сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі назірання за выбарамі АБСЕ/БДІПЧ Антоніа Мілашоскі заявіў, што не пабачыў, каб парламенцкія выбары ў Беларусі былі праведзеныя ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ.
Нагадаем, напярэдадні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына параіла назіральнікам АБСЕ ацэньваць беларускія выбары не толькі з пазіцыі “ведамаснай інструкцыі”