Мінскае "Дынама" упершыню выйшла ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі

Мінскае "Дынама" забяспечыла сабе месца ў плэй-оф чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. 18 лютага, у перадапошнім матчы рэгулярнага сезона КХЛ, "зубры" упэўнена перамаглі аднаго з лідараў дывізіёна "Усход" — уфімскі "Салават Юлаеў" — і замацаваліся на апошнім прахадным, 8-м месцы ў дывізіёне "Захад".

У той жа час "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада — адзіны магчымы сапернік "Дынама" за месца ў плэй-оф — у хатнім матчы з лікам 1:3 прайграла омскаму "Авангарду". Розніца паміж "Дынама" і "Тарпеда" дасягнула 4 ачкоў. За адзін тур, што застаўся да заканчэння рэгулярнага сезона КХЛ, яе ліквідаваць немагчыма.

Нягледзячы на розніцу ў класе паміж "Дынама" і "Салаватам Юлаевым", гульня на "Мінск-Арэне" праходзіла на роўных. На 25-й хвіліне дынамаўцы прапусцілі шайбу. Але каманда Марэка Сікоры зайграла хутчэй, і астатняга часу матча хапіла, каб Пятрашак, Штумпел і Дзямагін дакладнымі кідкамі забяспечылі мінчанам перамогу з лікам 3:1.

"Зубры" сталі апошнімі, 16-мі ўдзельнікамі плэй-оф чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. 20 лютага "Дынама" згуляе на "Мінск-Арэне" апошні матч рэгулярнага сезона КХЛ супраць магнітагорскага "Металурга".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі