Мінюст не ведае, куды паскардзіцца на санкцыі Еўрасаюза
Абскарджанне санкцый ЕС — дастаткова цяжкі працэс, бо невядома, у якую міжнародную структуру трэба звяртацца.
Пра гэта заявіў журналістам 30 чэрвеня міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў. Але ж ён падкрэсліў: “Мы знойдзем, куды скардзіцца”.
Пры гэтым Галаванаў лічыць увядзенне санкцый з боку ЕС “беспрэцэдэнтным крокам”, бо гэта не адпавядае міжнароднаму праву, паведамляе БелаПАН.
Кіраўнік Мінюста таксама паведаміў, што адпаведных даручэнняў па абскарджанні санкцый у Мінюст не паступала. Але, зазначыў ён, калі такое даручэнне паступіць, міністэрства падрыхтуе адпаведныя дакументы.
Нагадаем, што рашэнне аб пашырэнні санкцый да Беларусі Еўрасаюз прыняў 20 чэрвеня. У спісе кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі, — ЗАТ “Белтэхэкспарт”, ЗАТ “Спорт-пары” і прадпрыемства “БТ Тэлекамунікацыі”. Усе яны падкантрольныя Ўладзіміру Пефціеву. Гэты бізнесмен таксама фігуруе ў чорным спісе Еўрасаюза як “асоба, звязаная з Лукашэнкам і яго сям’ёй”.