Мінздароўя хоча забараніць рэкламу лекаў у СМІ
З такой прапановай міністэрства звярнулася ў Савет міністраў. Чыноўнікі кажуць, што забарона рэкламы ў СМІ аберажэ беларусаў ад бескантрольнага самалекавання.
Аднак эксперты рэкламнага рынку не пагаджаюцца з чыноўнікамі. У інтэрв'ю БелаПАН выканаўчы дырэктар групы кампаній Starcom MediaVest Пётр Папялушка заявіў, што новаўвядзенне значна пашкодзіць айчынным вытворцам лекавых сродкаў.
Па яго словах, забарона рэкламы лекаў выгадная найперш тым вытворцам, прадукцыя якіх ужо добра вядомая. Таму новым прэпаратам будзе цяжэй прабіцца на рынак.
Папялушка нагадвае, што сёння ў СМІ дазволеная толькі рэклама лекаў, якія можна купіць без рэцэпту лекара. Пабочныя эфекты ў такіх прэпаратаў могуць быць вельмі малазначнымі. Акрамя таго, кожную рэкламу ўзгадняе Мінздароўя. На думку эксперта, Мінздароўя проста хоча скараціць сабе працу.
Фота — zabastovka.com