Міжнародны алімпійскі камітэт забраў медаль у Надзеі Астапчук
У допінг-пробах спартоўкі знайшлі прэпарат-анаболік. Сітуацыю каментуюць памочнік Аляксандра Лукашэнкі, намеснік міністра спорту і сама Надзея Астапчук.
Як паведамляе МАК, штурхальніца ядра здала аналізы 5 жніўня, напярэдадні спаборніцтваў. Цяпер спартоўка выкрасленая са спісу ўдзельніц Алімпіяды. У яе забяруць медаль і алімпійскі дыплом.
Залаты алімпійскі медаль у штурханні ядра сярод жанчын пяройдзе новазеландцы Валеры Адамс.
***
У Мінспорту пакуль няма афіцыйнай інфармацыі ў справе Астапчук
Там чакаюць вяртання з Лондана міністра спорту Алега Качана. Ён мусіць прыляцець у Мінск сёння ў складзе беларускай дэлегацыі.
"У міністэрстве пакуль што няма афіцыйнай інфармацыі па дадзеным факце... Магчыма, такой інфармацыяй валодае кіраўніцтва Мінспорта", — заявілі ў міністэрстве агенцтву "Интерфакс-Запад".
***
Астапчук застанецца без медаля, $150 тысяч, ордэна і "алімпійскага выбару"?
У панядзелак стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт забраў залаты медаль у беларускай штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук. У допінг-пробах спартоўкі знайшлі прэпарат-анаболік. У выніку, Астапчук мусіць здаць свой медаль. Яна не атрымае і 150 тысяч долараў прызавых, абяцаных за "золата" Алімпіяды.
Пакуль няма ніякіх афіцыйных каментароў з беларускага боку, таму невядома, ці будзе адабраны ў спартсменкі і ордэн Айчыны III ступені, якім яе ўзнагародзіў Аляксандр Лукашэнка. Нагадаем, узнагароду яна атрымала за "высокі прафесіяналізм, выдатныя спартыўныя дасягненні і перамогу на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях".
Таксама невядома, што будзе з "алімпійскім выбарам" Надзеі Астапчук. У рамках праекта яна, як алімпійская чэмпіёнка, выбрала для перадачы 100 мільёнаў рублёў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Століне.
***
Астапчук: мяне правяралі ў ліпені і ўсё было "чыста"
Беларуская кідальніца ядра пракаментавала сітуацыю з допінг-скандалам.
У эфіры тэлеканала АНТ Надзея Астапчук сказала, што яна ў разгубленасці і "не разумее, што адбылося". Паводле яе словаў, у канцы ліпеня яе правяралі, былі "міжнародныя пробы", і было "ўсё чыста".
Цяпер Астапчук чакае вяртання з Лондана беларускай дэлегацыі. Спадзяецца, што ёй патлумачаць сітуацыю і будзе прынятае рашэнне, што рабіць далей.
***
Лёгкі пра Астапчук: ордэн Айчыны адбіраць не варта
Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі пракаментаваў сітуацыю з беларускай штурхальніцай ядра, у якой забралі "золата" Алімпіяды.
Расійскае выданне "Известия" цікавіла, ці не забяруць у Надзеі Астапчук ордэн Айчыны III ступені, які яна атрымала пасля перамогі ў Лондане. Вось што сказаў Павел Лёгкі:
"Да беларусаў на гэтай алімпіядзе выключна прадузятае стаўленне.
Прыклады таго вядомыя: гэта і бокс, і цяжкая атлетыка. І рашэнне
пазбавіць Надзею ўзнагароды будзе безумоўна абскарджана. Трэба
дачакацца, як пройдзе разбіральніцтва па гэтай справе. Не варта спяшацца
з высновамі. І тым больш — адбіраць ўзнагароду... Яна выключна
заслужаны чалавек, годны высокіх дзяржаўных узнагарод".
Паводле
слоў Лёгкага, пазней беларускі бок зробіць афіцыйную заяву наконт
"справы Астапчук" і іншых праблемных сітуацый з беларускімі алімпійцамі ў
Лондане.
***
Намеснік міністра спорту: Астапчук мы ўспрымаем як чэмпіёнку
Чэслаў Шульга пацвердзіў, што 30 ліпеня спартсменка праходзіла допінг-праверку, вынікі якой былі "чыстымі".
Увечары ў панядзелак у Мінск прыляцела беларуская дэлегацыя з Лондана.
Ужо ў аэрапорце чыноўнікі пачалі каментаваць сітуацыю з беларускай
штурхальніцай ядра Надзеяй Астапчук, у якой Міжнародны алімпійскі камітэт забраў залаты медаль — у допінг-пробах спартоўкі знайшлі прэпарат-анаболік.
"Магчыма, адбылася нейкая памылка ці непаразуменне, — кажа намеснік міністра спорту Чэслаў Шульга.
— Мы па-ранейшаму лічым Надзею Астапчук нашай алімпійскай чэмпіёнкай".
Ён адзначыў, што беларускі бок пакуль не будзе рабіць ніякіх крокаў, бо
чакае афіцыйнага рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта, паведамляе БЕЛТА.
***
Дырэктар антыдопінгавага агенцтва: допінг для Астапчук не меў сэнсу
Аляксандр Ванхадла сцвярджае, што перад ад'ездам на Алімпіяду спартоўка прайшла і нацыянальны, і міжнародны допінг-кантроль.
Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва, нічога выяўлена не было. Атрымліваецца, што знойдзены забаронены прэпарат мог патрапіць у арганізм Надзеі Астапчук у
перыяд з 30 ліпеня да 4 жніўня (да такой высновы прыйшла дысцыплінарная
камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта). Аднак, на думку Аляксандра Ванхадлы, у гэтым не было сэнсу, паколькі да старту на Гульнях рэчыва не паспела б падзейнічаць.
Як інфармуе БЕЛТА,
14 жніўня Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва і Беларуская федэрацыя
лёгкай атлетыкі пачынаюць уласнае расследаванне. Паралельна
расследаванне праводзіць Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі. За 21
дзень яны будуць высвятляць, якім чынам забаронены прэпарат патрапіў у
арганізм штурхальніцы ядра.
***
Міністр спорта Новай Зеландыі: "Астапчук можа абскардзіць допінг-тэст..."
“…але звычайна вынікі, атрыманыя падчас апрацоўкі спробы А, застаюцца ў сіле і надалей”. Так што Пітэр Міскімін лічыць, што Валеры Адамс захавае залаты медаль.
Павел Свярдлоў
“Беларусь можа апратэставаць вынікі допінг-тэста. І, натуральна, яна гэта зробіць. Ёсць дзве допінг-спробы, А і Б. І беларусы могуць запатрабаваць зрабіць тэст на спробе Б. Тады сітуацыя крыху ўскладніцца. Але нават калі пачнецца гэты працэс, звычайна вынік тэста на спробе Б не адрозніваецца ад выніка тэста на спробе А. Таму залаты медаль застанецца ў Валеры Адамс”, ― сказаў у інтэрв'ю Radio New Zealand Пітэр Міскімін, кіраўнік урадавай арганізацыі Sport New Zealand.
Валеры Адамс, якая неспадзявана стала алімпійскай чэмпіёнкай у штурханні ядра, зараз трэніруецца ў Швейцарыі. Пра дыскваліфікацыю Надзеі Астапчук яна даведалася, калі кіравала аўтамабілем. У гэты час ёй патэлефанаваў шэф навазеландскай Алімпійскай місіі Дэвід Кэры. "Я была так узрушаная, што закрычала, ― цытуе Валеры Адамс Radio New Zealand. ― Я вельмі хацела, каб мая сям'я паглядзела, як я атрымліваю залаты медаль на алімпійскім подыюме. І, спадзяюся, крыху пазней цырымонію паўтораць з улікам новых вынікаў".
***
Памочнік Лукашэнкі: у правале вінаватыя некаторыя трэнеры і функцыянеры
Ігар Заічкоў выказаўся наконт вынікаў удзелу беларускіх спартсменаў у лонданскай Алімпіядзе.
Паводле слоў першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага
камітэта і памочніка кіраўніка дзяржавы па пытаннях фізкультуры, спорту і
развіцця турызму, наша каманда нічога выбітнага не паказала.
"Па некаторых відах спорту выступленне і зусім аказалася правальным.
Справа не ў спартсменах: яны змагаліся, выступалі ў сваю сілу. Гэта віна
нашых асобных спартыўных функцыянераў, некаторых трэнераў. У хуткім
часе мы правядзем паседжанне, падвядзем вынікі, будуць праведзеныя
некаторыя кадравыя змены", — цытуе словы Заічкова БЕЛТА.
Што да справы Надзеі Астапчук,
якую Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў залатога медаля, дык Ігар
Заічкоў абяцае, што за ўзнагароду беларускай штурхальніцы ядра
"пазмагаемся". Але найперш будзе праведзенае расследаванне, каб
даведацца, якім чынам забаронены прэпарат патрапіў у арганізм
спартсменкі.
Фота — daylife.com, www.odt.co.nz.