МУС адмаўляецца шукаць узломшчыкаў "Белпартызана" і "Вясны" без заявы
Інфармацыя пра злачынства, размешчаная на сайтах, пацярпелых ад хакераў, не з’яўляецца падставай для пачатку расследавання.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч.
Шалькевіч: “Тое, што напісана на сайтах у інтэрнэце, якія не з’яўляюцца афіцыйнымі крыніцамі інфармацыі, не можа быць разгледжана як заява і кіраўніцтва да дзеяння. Таму няхай пацярпелыя бяруць ногі ў рукі, асадку з аркушам паперы, ідуць у РАУС і пішуць заяву. Што гэта яго сайт, што ён з’яўляецца яго ўладальнікам, арганізатарам, рэдактарам ці яшчэ кімсьці. І што яго ўласнасці ці іміджу нанесеная шкода – разбірайцеся, таварышы міліцыянеры, буду чакаць вашага адказу!”
Адзіная заўвага — звяртацца да беларускіх праваахоўнікаў пацярпелыя могуць толькі ў двух выпадках: альбо калі яны з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, альбо калі іх рэсурс размешчаны ў даменнай зоне “by”.
Нагадаем, цягам 25 красавіка хакеры ўзламалі сайты “Беларускага партызана” і “Вясны”. У выпадку з “Партызанам” хакеры размясцілі на галоўнай старонцы сайта пасланне, у якім патлумачылі свой учынак. На сайце “Вясны” зламыснікі памянялі загалоўкі матэрыялаў на супрацьлеглыя.
Павел Шарамет: "Нас папярэджвалі аб магчымасці ўзлома"
Узламаны праваабарончы сайт "Вясна"
Фота — gmbox.ru