МУС: Актывістак FEMEN не ўнеслі ў спіс неўязных у Беларусь

111223 Luka6uk Femen 2.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, гэта праверка па ўласнай ініцыятыве. Украінкі ніякіх заяў наконт іх выкрадання і здзекаў не пісалі. Пра гэта Еўрарадыё расказвае начальнік аддзела папярэдняга дазнання Аляксандр Аўраменка.

Аляксандр Аўраменка: “Заяў нам не паступала. Яны гісторыі нам выклалі ў выглядзе тлумачэнняў і ўсё – і з’ехалі. Праводзіцца праверка ў парадку Крымінальна-працэсуальнага кодэкса: як, што, куды. Разасланыя адпаведныя запыты паўсюль – збіраем інфармацыю”.

Якая за гэты час інфармацыя абраная, супрацоўнік РАУС казаць не стаў, матывуючы таямніцай следства. Як і не здолеў патлумачыць, чаму ўкраінкі не напісалі ніякіх заяў.

Але кіраўнічка руху FEMEN Ганна Гуцол кажа, што ад напісання заяў дзяўчат адгаварылі... самі міліцыянеры.

Ганна Гуцол: “Іх апыталі, у іх узялі паказанні, што адбылося, і ў самой міліцыі сказалі, што яны могуць не пісаць заяў – што па факце таго, што адбылося, будзе распачатая крымінальная справа і будзе праводзіцца следства. А знаходзячыся ў тым стане і ў тым становішчы, ніхто не думаў абурацца: калі міліцыянер сказаў, што вось так павінна быць, значыцца – так павінна быць”.

І яшчэ раз пацвярджае, што нягледзячы на ўсё, што адбылося з дзяўчатамі, актывісткі руху не адмаўляюцца ад сваіх планаў яшчэ не раз наведаць Беларусь. Праўда, не раней, чым пасля Новага года.

Еўрарадыё з гэтай нагоды цікавіцца ў начальніка аддзела Ельскага РАУС, ці не ініцыявалі яны ўжо ўнясенне ўкраінак з FEMEN у спіс неўязных у Беларусь?

Аляксандр Аўраменка: “Мы ўносім у спіс неўязных, гэта робіцца аўтаматычна, калі выстаўляецца ў нас адпаведная картка на падазраваную асобу, да прыкладу. Яны ж (актывісткі FEMEN – Еўрарадыё) у нас праходзяць пакуль, хутчэй, як пацярпелыя. З усёй гэтай гісторыяй. Я вам зараз не скажу, як яно там далей будзе – пакуль праверку не правядзём, не высветлім ролю аднаго бока і ролю бока другога, што ў адносінах да іх усё ж такі нейкія гвалтоўныя дзеянні былі. Таму, пра гэта пакуль рана казаць”.

На ўсялякі выпадак, нікога ў гэты спіс унесці не могуць. Праўда, у адказ на здзіўлены аповед пра украінскіх праваабаронцаў, якія яшчэ не паспелі нешта парушыць у нашай краіне, а ўжо патрапілі ў спіс неўязных, кажа, што нічога пра такія выпадкі не чуў. І прызнаецца.

Аляксандр Аўраменка: “Няма нават такой інструкцыі, каб нехта некага ўзяць і ўнесці: уязны-неўязны. Бо калі глядзець з пункта гледжання закона, то павінны быць грунтоўныя падставы: у адносінах да чалавека крымінальная справа распачатая, ён статус мае абвінавачанай ці падазраванай асобы. Я нават не ведаю, у якасці каго іх сюды ўносіць? Гэта ж не тое, каб: “Давай мы іх унясём, каб яны сюды не заязджалі!”

Тое, што ўносіць украінак з FEMEN у спіс неўязных няма падстаў і іх там яшчэ няма, сцвярджае і кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

Канстанцін Шалькевіч: “Пакуль што юрыдычных падстаў для таго, каб яны не змаглі уехаць на тэрыторыю Беларусі няма”.

Ён нагадвае, што іх нават не дэпартавалі з краіны – яны проста з’ехалі адсюль разам з консулам.

Але нават калі дзяўчат і ўнясуць у гэты спіс, то Ганна Гуцол не бачыць у гэтым перашкоды для будучых акцый.

Ганна Гуцол: “Дзякуй Богу, у нас не 3-4 чалавекі – колькасць дазваляе дастаўляць іншых байцоў. Ну, і ёсць яшчэ варыянт праз Расію – там мы яшчэ не з’яўляемся персонамі нон-грата”.

Дарэчы, менавіта праз Расію заехалі ўкраінкі мінулы раз, калі ехалі ў Мінск праводзіць акцыю “КГБацька” 19 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі