МЗС: Адмова ад сілавога сцэнару — ключ да паразумення Беларусі і ЕС
Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Андрэй Савіных.
Паводле яго слоў, можа быць толькі "узаемапрыймальнае ўрэгуляванне існуючых рознагалоссяў". Іншага шляху МЗС не бачыць і гэта "адпавядае інтарэсам не толькі Беларусі, але і Еўрасаюза". А рух да паразумення трэба пачынаць толькі праз "зніжэнне інтэнсіўнасці супрацьстаяння", адзначыў Андрэй Савіных.
"Найперш трэба спыніць практыку пастаяннага пашырэння санкцый з боку ЕС... Калі адзін бок вядзе актыўныя сілавыя дзеянні, любыя ўмовы іншага боку па дээскалацыі напружання становяцца наўрад ці магчымымі, як, прынамсі, і вяртанне амбасадараў... Адмова ад навязвання сілавога сцэнару істотна мяняе сітуацыю. У гэтым выпадку ўзнікаюць перадумовы для вырашэння ўсяго комплексу пытанняў", цытуе словы Савіных БЕЛТА.
Нагадаем, 23 сакавіка міністры замежных спраў краін ЕС у чарговы раз разгледзяць "беларускае пытанне". Чакаецца, што можа быць прынятае рашэнне аб пашырэнні санкцый супраць афіцыйнага Мінску, гаворка ідзе не толькі пра візавыя, але і пра эканамічныя санкцыі.