МЗС Польшчы: Умовы для аднаўлення дыялогу Мінску вядомыя
Гэта — спыненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі і вяртанне на шлях дэмакратызацыі.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў МЗС Польшчы. Знешнепалітычнае ведамства Польшчы называе сённяшняе рашэнне ўладаў Беларусі "недружалюбным крокам беларускага боку ў дачыненні да ўсяго Еўрасаюза" ды адзначае, што "ён сустрэнецца з адказам ЕС".
Варта прывесці таксама змсет дыпламатычнай ноты, у якой Мінск паведамляе польскаму МЗС пра сваё рашэнне выслаць амбасадараў для кансультацый:
"Амбасада Рэспублікі Беларусь у Польшчы з выразам глыбокай пашаны да МЗС Польшчы мае гонар паведаміць, што Яго Эксцэленцыя Пан Віктар Гайсэнак, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар РБ у РП у дзень 28-га лютага 2012 года быў адкліканы на кансультацыі ў Рэспубліку Беларусь у сувязі з прыняццем Саветам па замежных справах ЕС у дзень 28-га лютага 2012 года рашэння аб пашырэнні санкцый адносна Беларусі, а таксама ў сувязі з асаблівым ініцыятыўным удзелам ў дадзеным пытанні польскага боку. У час адсутнасці Яго Эксцэленцыі Амбасадара функцыі Charge d’Affairs Пасольства будзе выконваць старэйшы дарадца, пан Андрэй Лазавік. Пасольства карыстаецца нагодай, каб паўтарыць выразы глыбокай пашаны Міністэрству замежных спраў Польшчы".