МЗС: Запрашэнні на пасланне Лукашэнкі атрымалі паслы, якія ў Беларусі
Сёння ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі прайшоў брыфінг.
Пазіцыя Міністэрства замежных спраў Беларусі наконт вяртання амбасадараў краін ЕС у Мінск не змянілася. Менавіта такі адказ дае падчас брыфінгу 5 красавіка кіраўнік прэс-службы знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Андрэй Савіных на пытанне пра стаўленне МЗС да інфармацыі пра верагоднае вяртанне еўрапейскіх дыпламатаў на наступным тыдні.
Андрэй Савіных: “Датычна вяртання амбасадараў ЕС у Мінск на наступным тыдні і адносінаў да гэтага Міністэрства замежных спраў: хачу нагадаць вам, што афіцыйная пазіцыя МЗС па гэтым пытанні ўжо агучаная. На дадзены момант я не магу нічога дадаць да гэтага. Тым не менш цалкам магчыма, што міністэрства выкажацца па гэтым пытанні ў будучыні”.
Нагадаю, раней прадстаўнікі беларускага МЗС заявілі, што пакуль не бачаць сэнсу ў вяртанні еўрапейскіх дыпламатаў у Мінск.
Адказваць, ці вядуцца па пытанні вяртання амбасадараў кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі краін ЕС і МЗС Беларусі, Савіных адмаўляецца. І нават не дае адказу на тое, што будзе, калі еўрапейскія амбасадары “нечакана” з’явяцца на беларускай мяжы. Ці ёсць нейкая працэдура вяртання дыпламатаў, якія былі выпраўленыя ў свае краіны для кансультацый?
Андрэй Савіных: “Міжнародныя адносіны — гэта не правілы дарожнага руху. Зразумела, яны базуюцца на міжнародным праве, якое з’яўляецца адным з самых распрацаваных і рэгуляваных сфер кантактаў і ўзаемадзеянняў. Гэта таксама базуецца на дыпламатычных традыцыях, але ў кожным канкрэтным выпадку могуць быць розныя рашэнні”.
Тым не менш выглядае на тое, што афіцыйны Мінск і сапраўды не вельмі чакае вяртання еўрапейскіх амбасадараў. Прынамсі, запрашэнні на пасланне парламенту і народу, з якім Аляксандр Лукашэнка будзе выступаць 19 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў, беларускі МЗС даслаў выключна тым амбасадарам, якія зараз знаходзяцца ў Мінску.
Андрэй Савіных: “Запрашэнні ўсім амбасадарам, якія зараз знаходзяцца ў Мінску, ужо накіраваныя”.
На ўдакладняючае пытанне, ці дасылалі запрашэнні ў амбасады, кіраўнікі якіх у Мінску адсутнічаюць, Савіных адказаў тым жа сказам. Між тым, напярэдадні ў каментары Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы беларускага МЗС заявіў, што прысутнічаць на выступе прэзідэнта Беларусі з пасланнем могуць не толькі кіраўнікі замежных дыппрадстаўніцтваў, але і, да прыкладу, Часовыя павераныя. У тым выпадку, калі амбасадар адсутнічае. Але ў той жа дзень Першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук паведаміў: ім запрашэнне з МЗС не прыходзіла.
І дадаў, што вяртанне ў Мінск амбасадара Лешака Шарэпкі немагчымае да таго часу, пакуль у Варшаву не вернецца амбасадар Беларусі, якога адклікалі ў Мінск. На пытанне, калі гэта вяртанне можа здарыцца, Андрэй Савіных адказаў Еўрарадыё каротка: “Пытанне знаходзіцца ў стадыі разгляду”.
Фота: Змітра Лукашука