На беларускамоўную ялінку дзяцей запісвалі загадзя

Сустрэцца з Дзедам Марозам ды Снягуркай і атрымаць ад іх падарунак – што можа быць больш жаданым для дзіцяці падчас навагодніх святаў?! Ахвочых жа патрапіць менавіта на беларускамоўную ялінку сёлета было столькі, распавядае арганізатарка мерапрыемства Наста Хоміч-Базар, што яны вымушаныя былі замест адной зрабіць дзве імпрэзы.


Наста Хоміч-Базар: “Людзей хапае! Людзі ідуць, і мы нават трошкі стрымлівалі ў гэтым годзе плынь. У наступным годзе, хутчэй за ўсё, будзе ўжо не дзве “маленькія ялінкі”, а тры – каб усе маглі патрапіць!”



Ладзіць беларускамоўную ялінку суполка беларускамоўных бацькоў “Нашы дзеткі”.  Спачатку рабілі для сваіх дзяцей навагодняе свята па-беларуску, але потым кола жадаючых даяднацца пашыралася і пашырылася. А тут яшчэ і свае дзеці выраслі…


Наста Хоміч-Базар: “Так атрымалася, што дзеткі арганізатараў сайта (dzietki.org) выраслі – ім ужо па 5-8 год, і для іх патрэбная трошкі іншая праграма. А тут падрасло новае пакаленне маленькіх дзетак. І ў мінулым годзе мы зразумелі, што нас стала шмат, што трэба зрабіць яшчэ адну ялінку для маленькіх. Таму вось ужо другі год ёсць асобная ялінка для больш дарослых дзетак – сёлета яны глядзелі спектакль, і дзве ялінкі для маленькіх дзетак дашкольнага ўзросту”.



Выкладчык аднаго са сталічных ВНУ Уладзімір Падалінскі прызнаецца, што загадзя запісаўся на беларускамоўную ялінку, каб гарантавана з дзецьмі патрапіць на гэтую імпрэзу.


Уладзімір Падалінскі: “У нас зараз шмат рускамоўных ялінак ёсць – і ў садку, і ад працы. А сюды спецыяльна запісаліся, на беларускамоўную – мы выхоўваем па-беларуску і сына, і дачку нашу маленькую. Таму для нас акурат вельмі важна тое, каб свята было беларускамоўнае”.



Маладая мама Алеся прынесла сваю дачку Ульяну на свята ў слінгу. Кажа, хай сабе дзяўчынка мае толькі шэсць месяцаў, але са сваімі будучымі сябрамі неабходна знаёміцца загадзя.


Алеся: “Учора мы былі на працы ў мужа на рускамоўнай ялінцы, а сёння мы на беларускамоўнай. Трэба з самых маладых гадоў, у нашым выпадку – месяцаў, прызвычайвацца да калектыву. Да беларускамоўнага найперш. І вось мы тут!”



Сяргей і Святлана прывялі на беларускамоўную ялінку ўсіх сваіх трох дзяцей – нават трохмесячную Яну. Ці не зарана ёй хадзіць на такія святы?


Святлана: “Яна чуе беларускую мову з самага маленства. А гэта спрыяе таму, што яна ў больш дарослым узросце будзе лягчэй размаўляць і будзе сцвярджацца ў тым, што беларуская мова існуе. І што асяродак беларускамоўных людзей – творчы, цікавы, незвычайны і вялікі”.



Па словах Алесі, часам яна адчувае сябе даволі дыскамфортна сярод людзей, якія не разумеюць, чаму яна не толькі сама размаўляе па-беларуску, але і вучыць гэтаму з  першых месяцаў жыцця сваю дачку. Вось, прызнаецца, і даводзіцца шукаць аднадумцаў. “І для сябе, і для дзяцей”, - дадае Святлана.


Святлана: “У нас ствараецца кола беларускамоўных сем’яў, нашы сябры, якіх даволі шмат, дзеці ходзяць у беларускамоўны садок, беларускамоўную школу. І хай сабе некаторыя нашы сябры не заўсёды ў жыцці размаўляюць па-беларуску, але яны стараюцца, каб іх дзеці чулі і ведалі, што гэта мова не мёртвая, што яна жыве і існуе”.



Тое ж кажа і арганізатарка свята Наста Хоміч-Базар. Паводле яе назіранняў, на беларускамоўныя ялінкі, дый іншыя імпрэзы і святы, якія суполка “Нашы дзеткі” ладзіць па-беларуску, сваіх дзяцей зачастую прыводзяць рускамоўныя бацькі. Яны тлумачаць, што хочуць,  каб іх  дзеці і мову з маленства вучылі, і да культуры беларускай спрычыняліся, і сяброў-аднадумцаў знаходзілі. Дарэчы, што тычыцца беларускамоўнага Дзеда Мароза, то прызнаецца Наста, з ім праблем не было. Сёлета нават кастынг праводзілі сярод Дзядоў-прэтэндэнтаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі