На Кастрычніцкай у Мінску сабралася некалькі соцень “рэвалюцыянераў”

Ідэя суполкі ў тым, каб прыхільнікі дэмакратычных перамен штотыдзень у вызначаны час збіраліся на галоўнай плошчы свайго горада. Людзей просяць проста шпацыраваць, стаяць — проста знаходзіцца там. “Не трэба ніякіх сцягоў і транспарантаў, не трэба ніякай сімволікі, — пішуць арганізатары. — Першыя сустрэчы — можа быць мала людзей, але з кожным днём нас будзе рабіцца ўсё болей!”.

А 19.00 сёння на Кастрычніцкай сабралася, паводле ацэнак карэспандэнта “Нашай Нівы”, каля трохсот маладых людзей. Яны стаяць невялікімі групкамі і па адным. Гэта другая спроба мінскай моладзі сабрацца на заклік суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

Людзі ўтварылі кола ў цэнтры плошчы. У ім — барадаты чалавек сталага веку спяваў бардаўскія песні пад гітару. За акцыяй назіралі міліцыянты, сярод іх былі заўважаныя намеснік кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў і маёр Максім Грышчанка. Міліцыянты перамаўляліся па тэлефонах, пасля дасталі мегафон, аднак звыкла сказаць пра тое, што "акцыя несанкцыянаваная" не паспелі. У той момант удзельнікі акцыі скончылі спяваць і проста разышліся па плошчы. Шчыльнае кола распалася

Акцыя ў Мінску завяршылася а 19.43 без затрыманняў. Людзі проста разышліся.

Аналагічныя акцыі сёння а 19.00 прайшлі ў Брэсце і ў Магілёве. Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё Зміцер, які ўдзельнічаў у брэсцкай акцыі, на плошчы Леніна сабралася болей за сотню людзей. Там была не толькі моладзь, але і шмат людзей сярэдняга веку, 35-40 год. Таксама было колькі пенсіянераў. Людзі проста стаялі або шпацыравалі, або сядзелі на пляцы. Праз паўгадзіны яны ўсе запляскалі ў ладкі і разышліся. Зміцер спадзяецца, што “Рэвалюцыя ў сеціве” будзе доўгатэрміновай і ў наступную сераду колькасць удзельнікаў узрасце ў геаметрычнай прагрэсіі.

А магілёўскія прыхільнікі "Рэвалюцыі ў сеціве" выпрабавалі ноў-хаў: яны здымалі на мабільнікі людзей у цывільным, якія выглядалі на міліцыянтаў ці супрацоўнікаў спецслужб.


Маўклівая акцыя “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” прайшла таксама і ў Гомелі. Каля сёмай гадзіны вечара каля сотні чалавек сабраліся на плошчы Леніна.  Акцыя доўжылася прыблізна  паўгадзіны, пасля чаго людзі пачалі разыходзіцца. Ні міліцыянты, ні аператары з КДБ на плошчы заўважаныя не былі.

Фота: twitter.com, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі