На міжнародным круглым стале абмяркуюць рэформу міліцыі

28 траўня ў межах кампаніі “Народная праграма” адбудзецца міжнародны круглы стол, на якім абмяркуюць пытанні рэформы сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў. У мерапрыемстве возьмуць удзел эксперты з Беларусі, Польшчы ды Украіны.

Круглы стол распачнецца раніцай а дзесятай гадзіне на сядзібе партыі БНФ.

Ідэя кампаніі “Народная праграма” паўстала ў 2010-м годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, распавёў падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Адна з мэтаў кампаніі стварыць супольнае бачанне будучай Беларусі, якое было б прапанавана экспертамі, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі структурамі. Але пры гэтым знайшло б пэўны водгук і ацэнку з боку людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да той ці іншай сферы”.


Адзін з экспертаў кампаніі палітолаг Юры Чавусаў кажа, што такую пляцоўку чакалі даўно:

“У беларускім інтэрнэце ёсць даволі шмат сайтаў, куды людзі прыходзяць, каб паспрачацца. Дзіўна, што дагэтуль ніхто не стварыў спецыяльнай дыскусійнай пляцоўкі, дзя б экспертныя веды маглі б сутыкнуцца з меркаваннямі грамадзянаў, або людзей, якія звонку лічаць сябе спецыялістамі ў пэўнай галіне”.


На сайце “Народнай праграмы” змяшчаюцца тэмы для абмеркавання, дзе кожны можа выказацца. Сярод найбольш папулярных тэм – будаўніцтва АЭС, скарачэнне колькасці міністэрстваў ды іншыя, кажа эксперт “Народнай праграмы” палітолаг Андрэй Ягораў:

“Актыўна абмяркоўваюцца таксама ўвядзенне прыватнай уласнасці на зямлю, растаржэнне дамовы аб саюзнай дзяржаве з Расіяй і ўступленне ў ЕС. Розныя тэмы маюць розную кантрастнасць. Па некаторых тэмах ва ўдзельнікаў дыскусіі існуе поўная згода… Амаль усе лічаць, што Беларусь павінна заявіць пра сваё жаданне далучэння да ЕС. Ёсць і кантраверсіўныя пытанні. Сярод такіх тэмаў можна адзначыць тэму пра легалізацыю прастытуцыі”.


Кожная тэма мае магчымасць рэйтынгавацца на самім сайце. Наведвальнікі сайту могуць пазначаць яе як больш важную ці менш важную.

Па выніках праграмы будзе створана “народная праграма”, у якой будзе прадстаўлена бачанне, якім чынам павінна развівацца наша краіна, кажа палітолаг Дзяніс Мельянцоў:

“Канчатковы прадукт у выглядзе “народнай праграмы” – абсалютна вольны для выкарыстання любымі палітычнымі сіламі. У ідэяле мы б хацелі, каб гэты пазітыўны дакумент выкарыстоўся ўсімі палітычнымі сіламі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі