На штрафы за "Стоп-бензін" сабралі больш за 4 мільёны за 2 дні
Каля 200 чалавек перавялі сродкі праз інтэрнэт і прынеслі асабіста.
Неабходную суму на аплату штрафаў пакараным за акцыю "Стоп бензін" — каля 2,5 мільёнаў — сабралі амаль за дзень праз інтэрнэт. Але шмат людзей захацелі перадаць дапамогу асабіста ля сталічнага рэстарана "Журавінка". Агулам у падтрымку аштрафаваных сабралі больш за 4 мільёны рублёў, і гэта менш чым за 2 дні!
"Я лічу гэтыя штрафы несправядлівымі і тое, што людзей увогуле затрымлівалі, — гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі. — Хачу выказаць сваю падзяку людзям, якія былі на праспекце, як і я ўдзельнічалі ў гэтым. І проста падтрымаць. Калі мы будзем разам, то ў выніку зможам нечага дамагчыся".
Аляксандр Рэдзькін быў аштрафаваны на 525 тысяч рублёў за тое, што апладзіраваў аўтамабілістам-пратэстоўцам, стоячы пры гэтым на тратуары.
"Я вельмі удзячны ўсім за падтрымку, — кажа Аляксандр Рэдзькін. — Падтрымка маральная, яна значна важнейшая за матэрыяльную. Таму грошы іграюць малую ролю. Калі ты ўсведамляеш, што маеш такую падтрымку — гэта вялікая справа".
На падтрымку арыштаваных грошы пералічылі больш за 200 чалавек. Многія пералічвалі сродкі праз інтэрнэт у рублях і нават валюце. Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў акцый пратэсту аўтамабілістаў Арцём Шаркоў:
"Дзякуючы падтрымцы і салідарнасці, якая з'явілася пасля гэтых прысудаў (а яна каласальная!), мы ужо сабралі ўсю неабходную суму на штрафы. Калі раптам паўтарыцца падобная сітуацыя, я ўпэўнены, што салідарнасць і падтрымка будзе яшчэ большая. Рэшту грошай мы накіруем на дабрачыннасць. Мы ужо параіліся і вырашылі, што паедзем сумесна ў дзіцячы дом, арганізуем калону і завязем дзецям падарункі, цацкі і рэчы".
Для Алесі Макась штраф цалкам аплаціў беларус, які зараз жыве ў Нямеччыне. Канверт для яе сёння перадалі, але гэтага хлопца Алеся не ведае.
Алеся Макась: "Я хацела пазнаёміцца. Пыталася ў хлопца, які мне пісаў, што грошы ў яго. Каб я прыходзіла і ён мне іх аддасць. Я спытала, ці будзе ён сам, але ён аказаўся ў Нямеччыне. Шкада".
Прыйшлі падтрымаць аштрафаваных і тыя, хто не быў на акцыі. "Ад тых хто сядзіць па хатах, дзякуй вам", — гаворыць жанчына.
"Я ніколі не скажу, што ў нас так усё кепска і адразу трэба мазаць чорнай фарбай, — працягвае жанчына. — Але ў любым выпадку тое, што адбываецца зараз, такога быць не павінна. І, напэўна, у рэшце рэшт трэба проста пачуць народ. А я — такі ж народ, як і ўсе, таму прыйшла сюды. Я думаю, што кошты давядзецца зніжаць не толькі на бензін, але і на іншыя тавары першай неабходнасці. Як будуць выжываць маладыя сем'і, калі будуць вар'яцкія кошты на падгузнікі? Я думаю, што тыя, хто сядзіць па кабінетах, павінны думаць у першую чаргу пра людзей, а не пра тое, як ім, прабачце, на халяву адпачыць у санаторыях".
У выніку грошай на штрафы сабралі больш чым дастаткова. Але некаторыя з асуджаных за "Стоп-бензін" будуць абскарджваць свае штрафы і шукаць фота- ды відэадоказы сваёй невінаватасці.
Больш здымкаў у нашым фотарэпартажы!