На Століншчыне праходзіць ганчарскі кірмаш (фота)
У вёсцы Гарадная адкрыўся “Ганчарскі кірмаш”.
Гэта падзея з’яўляецца фіналам ІІІ міжнароднага плэнеру ганчароў, на які ў палескую вёску з’ехаліся майстры з Беларусі, Расіі, Украіны , Малдовы, Грузіі, Арменіі, Польшчы, Швецыі, Літвы. На працягу дзесяці дзён яны дзяліліся досведам захавання старажытнага рамяства ў сваіх краінах і стваралі калекцыі керамічных вырабаў, якія потым пакінуць у гараднянскім Музеі ганчарства.
Ганчарскі промысел практыкуецца ў Гарадной з XV стагоддзя, былі часы, калі рамяством займаліся амаль усе вяскоўцы, нават жанчыны. Зараз са старых майстроў засталіся адзінкі, яны кажуць, што моладзь не вельмі жадае пераймаць сакрэты майстэрства, таму, хутчэй за ўсё, традыцыя рамяства неўзабаве загіне. Аднак, некаторыя энтузіясты кажуць, што пры належнай матывацыі ўсё можа хутка аднавіцца.