На ўрокі гісторыі і геаграфіі Беларусі родная мова не вернецца
Прынамсі, з 1 верасня 2012 года.
Пра гэта заявіў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно ў інтэрв'ю газеце "Звязда".
Нагадаем, што некалькі тыдняў таму міністр адукацыі Сяргей Маскевіч выказаў намер аднавіць у школах беларускамоўнае выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі. Яно было скасаванае ў 2006 годзе.
Аднак намеснік міністра Фарыно кажа, што на вяртанне беларускай мовы ў школы з 1 верасня няма грошай. Па словах чыноўніка, толькі для таго, каб забяспечыць беларускамоўнымі падручнікамі па гісторыі Беларусі вучняў 5-х класаў па ўсёй краіне, патрабуецца 1,3 млрд рублёў. Між тым, гісторыя Беларусі выкладаецца з 5-га па 11-ты класы. Таму для забеспячэння ўсіх школьнікаў новымі падручнікамі запатрабуецца больш як 10 млрд рублёў.
Таксама Фарыно заяўляе, што ў бацькоў і школьнікаў ёсць права выбіраць, на якой мове ім вывучаць гісторыю Беларусі. Цяпер на беларускай мове гісторыю Беларусі вывучаюць каля 18% вучняў. У гарадскіх школах гэты паказчык складае толькі 5%.
Фота — svaboda.org