Над Мінскам назіралася незвычайная светлавая з'ява (ФОТА)
Сіноптыкі сцвярджаюць, што такіх светлавых слупоў яшчэ ніколі не бачылі, а ў Інстытуце фізікі кажуць пра звычайную аптычную з'яву.
Сёння ноччу ў Мінску можна было назіраць незвычайную з’яву. Ад будынкаў у неба ішлі вялікія слупы святла. Некаторыя, асабліва ўражлівыя людзі, падумалі пра НЛА... Нават у гідраметэацэнтры здзівіліся такой з’яве.
Людміла Парашчук, начальнік аддзела метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра:
“Я гэтую з’яву патлумачыць на жаль не магу. З пункту гледжання метэаралогіі я такога яшчэ не сустракала. Мы ўсе ўчора вельмі здзівіліся, калі пабачылі гэты светлавы слуп”.
Незвычайную з’яву патлумачыў Еўрарадыё прафесар Інстытута фізікі Нацыянальнай Акадэміі Навук Яўген Талкачоў. Ён незвычайнай яе не лічыць.
Яўген Талкачоў: “Гэта звычайная аптычная з’ява. Нічога асаблівага тут няма. Гэта такая самая рэч, калі вы прыжмурыцеся і паглядзіце на ліхтар у мокрае надвор’е — вы пабачыце багатую структуру прамянёў, якія нібыта акружаюць ліхтар. Напэўна, у будынку былі крыніцы святла, а над ім — марознае паветра. Марознае паветра насычана крышталікамі лёду, а крышталікі лёду, як і любыя крышталікі, рассейваюць святло. Таму такія слупы — гэта прамое следства канкрэтных фізічных умоваў, якія склаліся над будынкам”.
Дарэчы, пакуль трымаецца такое марознае надвор’е, можна пабачыць яшчэ шмат цікавых з’яваў. Так сёння раніцай на небе замест аднаго сонца можна было назіраць ажно тры!
Фота: http://denizion.livejournal.com