"Нашу Ніву" не закрыюць, а газета не будзе радыкалізавацца
Мінінфармацыі адазвала іск аб закрыцці "Нашай Нівы", але можа пакараць газету вялікім штрафам.
"Міністэрства інфармацыі просіць вярнуць іскавую заяву аб спыненні выпуска газеты "Наша Ніва". А таксама вярнуць Міністэрству інфармацыі заплачаную пры падачы заявы дзяржаўную пошліну у памеры 700 тысяч рублёў".
Суд задаволіў просьбу і пакінуў іск міністэрства да газеты без разгляду. Такое рашэнне прысутныя сустрэлі апладысментамі, нікаго не затрымалі.
"Гэта быў абсалютны сюрпрыз. Мы дзякуем усім, хто прыйшоў сёння ў залу суда. Такой развязкі сапраўды не чакаў ніхто. Я спадзяюся, што заўтра у Вышэйшым гаспадарчым судзе разгляд справы "Народнай Волі" скончыцца гэткім жа самым чынам", — сказаў па заканчэнні працэса галоўны рэдактар газеты Андрэй Скурко.
Наконт магчымай змены рэдакцыйнай палітыкі ў сувязі з апошнімі падзеямі вакол газеты і наконт таго, ці стане "Наша Ніва" больш асцярожнай, спадар Скурко адказаў: "Мы не будзем радыкалізавацца".
Але справа можа аднавіцца, бо газета мае папярэджанні, таму могуць быць новыя іскі ў суд. На думку Андрэя Скурко, газету могуць пакараць фінансава.
"Справа можа аднавіцца, яны могуць падаць новыя позвы. Таму што ёсць папярэджанні ў нас, ёсць падстава для гэтага юрыдычная. Але спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Апошняе папярэджанне трэба было, напэўна, для таго, каб даць нам вялікі штраф. "Наша Ніва" не магла быць зусім не пакараная. Адпаведна, нас пакараюць штрафам, я так думаю".
На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, такое рашэнне можа быць выкліканае і эканамічнымі прычынамі.
"Я думаю, апошнім часам усё роўна вельмі многія дзеянні любой абсалютна галіны ўлады кіруюцца эканомікай. Магчыма, пасля шматлікіх кансультацый, магчыма, і дзякуючы цвёрдасці пазіцыі еўрапейскіх інстытутаў мы сёння атрымалі такі вынік. Я вельмі радая за сваіх калегаў, "Наша Ніва" і "Народная Воля", гэтыя газеты — сімвалы незалежнай прэсы".
На сайце Мінінфармацыі паведамляецца, што пазоў адкліканы ў сувязі са "зваротам рэдакцыі выдання і магчымасцю пазасудовага ўрэгулявання сітуацыі, зыходзячы з прынцыпу свабоды масавай інфармацыі".
Фота: photo.bymedia.net