Некалькі дзясяткаў кавярняў могуць аштрафаваць за паказ Еўра-2012

Каля сотні кафэ і рэстаранаў па ўсёй Беларусі заключылі дамову на трансляцыю чэмпіянату Еўропы па футболе з праваўладальнікам — Белтэлерадыёкампаніяй.

Як даведалася Еўрарадыё, некалькі дзясяткаў кавярняў транслявалі матчы без дамовы. Цяпер яны могуць быць аштрафаваныя. А праз суд з іх могуць спатрабаваць кампенсацыю. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў дырэкцыі спартовага вяшчання тэлеканала.

Прадстаўнік БТ: "Гэта яшчэ футбол не скончыўся, а наперадзе Алімпійскія гульні. Мы там таксама праваўладальнікі, а там будзе шмат трансляцый, у тым ліку і футбол. Многія кафэ заключылі дамову не толькі на перыяд Еўра, а на некалькі месяцаў і нават на паўгода-год. Такі закон, ён ва ўсіх краінах. У Еўропе даўно так".

Кавярні, які транслявалі матчы праз спадарожнік, таксама могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Праўда, не з боку тэлеканала, а з боку асноўных праваўладальнікаў, якім паведамяць пра такія выпадкі.

Нагадаем, перад пачаткам Еўра-2012 БТ разаслала ў кавярні лісты, дзе паведамляла пра неабходнасць заключыць дамову на трансляцыю матчаў. Каштуе гэта каля 500 тысяч за месяц.

Фота — weclever.kp.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі