Новыя правілы: чарга на жыллё скарачаецца ў 10-15 разоў

Тарас сёлета скончыў БДУ і размеркаваўся на працу ў Мінск. Хлопец адразу ж вырашыў стаць у чаргу на кватэру. Тым больш, што згодна з новымі правіламі маладыя спецыялісты не мусяць чакаць 10 гадоў, каб палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Тарас: “Я гэта ўсё ведаў, зарэгістраваўся ў Мінску ў Партызанскім раёне. Падаў дакументы ў райвыканкам 28 жніўня. І мусіў атрымаць адказ 24 верасня. Але ніякага адказу ні ў верасні, ні ў кастрычніку, пакуль сам не пачаў тэлефанаваць і даведвацца, што там і як”.

У лістападзе Тарас даведаўся, што яму адмоўлена ў пастаноўцы ў чаргу. Маўляў, прыйшло паведамленне, што малады спецыяліст... не пражывае па адрасе рэгістрацыі.

Тарас: “Я нібыта не пражываю па месцы рэгістрацыі. Хаця праверкі не праводзілася — да нас у кватэру ніхто не прыходзіў, ні ўчастковы, ніхто. Не ведаю, у каго яны даведваліся, каго апытвалі”.

У адміністрацыі Партызанскага раёна Еўрарадыё кажуць, што за паўгода адмовы на пастаноўку ў чаргу па жыллё атрымалі каля 10 чалавек. А колькасць тых, хто можа прэтэндаваць на ільготныя ўмовы, пасля ўвядзення новых правілаў 9 жніўня зменшылася ў 10-15 (!) разоў.

Аддзел жыллёвай палітыкі адміністрацыі Партызанскага раёна: “Цяпер, можа, не так шмат грамадзян увогуле маюць права пастаноўкі на ўлік. Калі раней мы выносілі на выканкам па 100-150 чалавек, то цяпер толькі 7-10. Выканкам два разы на месяц”.

Заяўка на пастаноўку ў чаргу разглядаецца месяц. Часам справа зацягваецца. Напрыклад, калі трэба праверыць, ці сапраўды кандыдат на жыллё жыве па месцы рэгістрацыі.

Аддзел жыллёвай палітыкі адміністрацыі Партызанскага раёна: “Атрымоўваем заяву ад грамадзяніна, і калі ён пражывае паводле дамовы найму, то робім запыт у РАУС. Ёсць пытанні да РАУС. Часам пішуць: “Мы хадзілі, дзверы зачыненыя”. Але гэта несур’ёзна. Гэта ж іх праца”.

Тым часам малады спецыяліст Тарас не губляе надзеі ўсё ж заняць сваё месца ў чарзе. І не выключае, што ў адміністрацыі Партызанскага раёна маглі папросту памыліцца. Як памыліліся ў ваенкамаце, які ўжо доўгі час выклікае Тараса, дасылаючы позвы не на яго адрас.

Фота: parkfoto.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі