Някляеў папулярны на вакзале, Раманчук у студэнтак, а Рымашэўскі ў рэгіёнах
А ў "Белай Русі" прызнаюць, што "шалёнай папулярнасці" вакол пікетаў у падтрымку Лукашэнкі няма, і не кажуць, колькі подпісаў ужо сабрана
За 4 дні збору подпісаў некаторыя прэтэндэнты ў прэзідэнты пераадолелі дзесяцітысячны бар'ер. Так, за Ўладзіміра Някляева падпісаліся амаль 16 тысяч чалавек, распавяла Еўрарадыё прэс-сакратар кампаніі "Гавары праўду" Юля Рымашэўская.
Юля Рымашэўская: “На дадзены момант маем лічбу 15 714. Пры гэтым можна адзначыць чэргі каля пікетаў. Папулярны быў пікет на вакзале, добра ішлі пікеты ў цэнтры і на праспекце”.
Калі Ўладзімір Някляеў папулярны на вакзале і ў цэнтры Мінска, то за прэтэндэнта ад хрысціянскіх дэмакратаў Віталя Рымашэўскага актыўней падпісваюцца ў рэгіёнах.
"За Віталя Рымашэўскага сабрана 12 тысяч подпісаў. Каля 10 тысяч сабрана ў рэгіёнах. Вылучаецца радзіма кандыдата — Бабруйск: там сабрана каля 2500 подпісаў”, — распавёў кіраўнік ініцыятыўнай групы Рымашэўскага Павел Севярынец.
Больш за дзесяць тысяч подпісаў сабралі ўжо і ў падтрымку Яраслава Раманчука. Але, паводле словаў старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, праца ў рэгіёнах толькі пачынаецца.
Анатоль Лябедзька: “За першыя тры дні ў чатырох рэгіёнах і Мінску — больш за 10 тысяч. У Мінску пікеты ідуць вельмі добра. У рэгіёнах праца толькі пачынаецца. Учора хадзіў да студэнтаў. Жаночая палова больш смелая, больш актыўная, атрымаў задавальненне ад камунікацыі і ад збору подпісаў”.
Колькасць подпісаў, сабраных за Аляксандра Лукашэнку, агучыць не могуць. Юрый Міронаў, прэс-сакратар "Белай Русі", пад сцягамі якой вядзецца збор подпісаў, заўважыў толькі, што надзвычайнай актыўнасці каля пікетаў няма.
Юрый Міронаў: “Мы не можам вам сказаць. Пакуль нават не падлічвалі гэтыя дадзеныя. Ніякіх прамежкавых і нават блізкіх вынікаў няма. Пікетаў па горадзе было шмат. У кожнага кандыдата можна было ці то нікога не ўбачыць, ці то пабачыць чаргу з пяці чалавек. Шалёнай папулярнасці няма, але мы не спяшаемся”.
Невядома, колькі подпісаў сабраў і Андрэй Саннікаў. Але кандыдат усцешаны, што збор ідзе актыўна, кажа прэс-сакратар “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандр Атрошчанкаў.
Аляксандр Атрошчанкаў: “Мы такую інфармацыю не даем з тэхналагічных прычынаў. Людзі актыўна падыходзяць, выстройваюцца ў чэргі. Бачна, што людзі вераць у хуткія перамены”.
За прэтэндэнта ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сабралі ўжо больш за 13,5 тысяч подпісаў, а за Віктара Цярэшчанку падпісаліся амаль 12 тысяч чалавек. А вось Алесь Міхалевіч і Сяргей Рыжоў з розных прычынаў пра свае подпісы не расказваюць.
Нагадаем, што прэтэндэнтам і іх ініцыятыўным групам неабходна да 29 кастрычніка сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў.