Някляеў: Да восені ўсе палітвязні выйдуць на волю

Нягледзячы на шматабяцаючыя заявы Аляксандра Лукашэнкі ў Астане наконт магчымага лёгкага прысуду, суддзя Ленінскага суда Мінска Людміла Грачова зусім па-іншаму вырашыла лёс чарговых абвінавачаных за Плошчу. Так, Мікалаю Статкевічу далі 6 гадоў, Дзмітрыю Усу — 5,5 гадоў (яго ўзялі пад варту ў зале суда).

Не менш жорсткія прысуды вынеслі і іншым: Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў. Усе яны будуць адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцёму Грыбкову —   гады з прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Аляксандра Квяткевіча асудзілі на 3,5 гады пазбаўлення волі, Дзмітрыя Буланава — на 3 гады.

Рэакцыя родных асуджаных на прысуд была жахлівая – жанчыны плакалі, мужчыны не стрымлівалі слёз і эмоцый. Жонка Дзмірыя Уса не магла вымавіць ні слова ў адказ на пытанні журналістаў,

а яго маці Сафія Міхайлаўна ледзь трымалася на нагах.

Сафія Міхайлаўна: “Навошта сына пасадзілі?! За што?! Я дам яго праграму, дайце яго праграму... За што?! Мне ўжо столькі гадоў, інфаркт і я такую старасць дачакалася!”



Людміла Класкоўская выйшла з залы суда з партрэтам сына – Аляксандра Класкоўскага.

Людміла Класкоўская: “Гэта мой сын! У яго трое малых дзяцей! Ім няма чаго есці. Ці ў нас права на ежу, дах над галавой маюць дзеці толькі аднаго чалавека?! Прыйдзе час і ўсё памяняецца, мы будзем ганарыцца імі яшчэ. Глядзіце – гэта мой сын, Аляксандр Класкоўскі, якога сёння пасадзілі! Сёння ў нас няма сіл, але мы будзем змагацца. Пакуль мы жывыя!”




У тым, што вынесеныя сёння прысуды жорсткія, упэўнены і вядомы беларускі журналіст, палітолаг Аляксандр Класкоўскі, бацька асуджанага.

Аляксандр Класкоўскі: “Прысуд абсалютна несправядлівы. Усім. І я думаю, што зараз улада вытрымлівае марку так, як яна разумее. Мы чулі, што ў Астане скрозь зубы прагучала, што можа мы іх яшчэ і выпусцім. Гэта цынічная, прыдуманая гульня. Першы этап – гэта паказальна засудзіць, каб усе баяліся, каб усе ведалі, што нельга рыпацца. А потым – пачаць гандаль з Захадам”.




Ад імя праваабарончых арганізацый Алена Танкачова заявіла, што яны таксама лічаць, што вынесеныя прысуды не маюць пад сабой прававой глебы.


Алена Танкачова: “На думку праваабарончых арганізацый, факт масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года не знайшоў свайго пацвярджэння ні ў адным з судовых пасяджэнняў. Прысуды, вынесеныя па артыкуле “масавыя беспарадкі” не маюць пад сабой прававой глебы і павінны быць перагледжаныя. Людзі павінны быць вызваленыя”.




Перад пачаткам суда Уладзімір Някляеў супакойваў Дзмітрыя Уса і гаварыў, што той найхутчэй атрымае ўмоўны тэрмін. Прадказанне не спраўдзілася. Паэт выйшаў з залы маўклівы і разгублены.

Уладзімір Някляеў: “Я не ведаю, чаму ён (Лукашэнка – Еўрарадыё) мяркуе, што яму ўдасца згуляць у гэтую гульню з людзьмі, як ён звычайна гуляе – пераламаць іх. Мне здаецца, што сітуацыя зараз зусім іншая. Відавочна не тая, што была ў 2006 годзе. Я думаю, будуць прынятыя жорсткія заявы. Зараз усе амбасадары сказалі мне, што яны едуць дакладацца сваім урадам. І рэкамендаваць прыняць самыя жорсткія рашэнні”.



І выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што да восені ўсе палітвязні не даседзяць. Згодны з гэтым і Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі: “Не адседзяць яны гэтыя тэрміны і выйдуць значна раней. Гэта будзе залежаць ад таго, як хутка будзе валіцца беларуская эканоміка”.

Адвакаты ад каментароў адмовіліся, толькі сказалі, што будуць абскарджваць прысуд. У тым, што гэта абавязкова трэба рабіць, упэўненая і Алена Танкачова.

Алена Танкачова: “У залежнасці ад таго, якім чынам будуць разгортвацца далейшыя судовыя абскарджванні, ёсць сэнс чакаць касацыйнага разгляду, ёсць сэнс чакаць нагляднага разгляду справы”.

А грамадзянская жонка Мікалая Стакевіча разам з адвакатам проста на прыступках суда пачала складаць нейкую заяву.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі