Някляеў ад імя апазіцыі прыняў міжнародную прэмію імя Браніслава Герэмка

Еўрарадыё: Што гэта за прэмія і за што яна даецца?

Някляеў: “Гэта прэмія, якая ўжо другі раз уручаецца менавіта на саміце дэмакратычнай супольнасці, у якім удзельнічаюць выбітныя палітычныя дзеячы, пераважна кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў еўрапейскіх краінаў, і не толькі еўрапейскіх. На гэтым саміце, скажам, прысутнічае Хілары Клінтан, дзяржсакратар Злучаных Штатаў Амерыкі. І вось на гэтым саміце другі раз уручаецца прэмія імя Браніслава Гэрэмка - за дасягненьні ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Гэтым разам яна была ўручаная беларускай апазіцыі. Тое, што я яе атрымаў, не азначае, што я лічу гэту прэмію сваёй, гэта прэмія ўсёй беларускай апазіцыі за тое, што яна робіць, за тое, што яна мужна супрацьстаіць дыктатуры ўжо паўтары дзесяцігоддзі”.

Еўрарадыё: А хто яшчэ з апазіцыйных дзеячоў бярэ ўдзел у гэтым спатканьні?

Някляеў: “Нажаль, як вы ведаеце, тут не змаглі быць людзі, якія па праву заслужылі таксама гэтую прэмію. Тут не мог быць Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, Зміцер Ус, астатнія хлопцы, якія знаходзяцца ў вязніцы. Але я сказаў, атрымліваючы прэмію, што гэтая прэмія ёсьць пасылам сусветнай дэмакратычнай супольнасці і да іх таксама. Супольнасць, уручаючы прэмію, кажа: “Трымайцеся! Мы з вамі. Дэмакратычная сусветная супольнасць з табой, Беларусь. І мы зробім усё, дзеля таго, каб вам дапамагчы дамагчыся сваёй мэты – усталявання дэмакратыі ў свабоднай Беларусі”. Вось асноўны сэнс, асноўны мэсідж які заключаны ў гэтай прэміі”.

Еўрарадыё: Хто ад еўрапейскіх краінаў бярэ ўдзел у спатканьні і што яны кажуць пра сітуацыю ў Беларусі?

Някляеў: “Самае істотнае на сённяшні дзень: пазіцыя усіх краін еўразвязу і пазіцыя ЗША прынцыпова не адрозніваецца, яна збалансаваная, скансалідаваная  ў адносінах да беларускага пытаньня. Нарэшце мы бачым тое, чаго апазіцыя дамагалася многія гады, калі няма разнагалоссяў у падыходзе да беларускай праблемы. І гэта пацвердзілі сёння ўсе міністры, у нас былі прыватныя перамовы, скажам, з міністрам замежных спраў Галандыі, замежных спраў Швецыі, з іншымі высокага рангу палітычнымі дзеячамі. І ўсе яны казалі пра адно і тое ж  – што мы вам будзем дапамагаць, а самае галоўнае, што гэта наша агульная пазіцыя. Гэта самае істотнае. Вось учора мы ў Варшаве сустракаліся са спадаром Фюле, камісарам пашырэння Еўразьвязу, і з яго вуснаў прагучала тое самае: гэта наша агульная пазіцыя. І яны сказалі тое ж што казаў я, адразу як выйшаў з турмы: нягледзячы ні на што, дзеля выратавання краіны, дзеля таго, каб Беларусь не скацілася на самае дно эканамічнага крызісу, мы прапануем дыялог. Тое самае кажа аб’яднаная дэмакратычная сусветная супольнасць. Магчымасць дыялогу не выключаная. Можна на гэты шлях стаць, кажа супольнасць, але першы крок павінен зрабіць сённяшні палітычны рэжым, і непасрэдна Лукашэнка - вызваліць усіх палітычных зняволеных. Будзе зроблены гэты крок – і адразу будзе зроблены крок насустрач”.

Еўрарадыё: Ці прагучалі нейкія канкрэтныя прапановы па  спосабах ціску на Беларусь для вызвалення палітзняволеных?

Някляеў: “Гэтым разам усе заклікі, дэкларацыі аформлены ў канкрэтныя дзеянні. Ёсць праграма такіх дзеянняў. Я не маю паўнамоцтваў казаць пра сутнасць гэтай праграмы, яна прынцыпова новая ў адносінах да Беларусі, але там больш дадатнага, чым адмоўнага у разуменні ўладаў. Можа быць, як адмоўныя могуць расцэньвацца толькі патрабаванні, але яны цалкам натуральныя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі