Офіс БНФ дагэтуль пустуе
Былая сядзіба партыі і праз тры месяцы нікому не патрэбная.
Выселілі адтуль партыю, каб заняць памяшканне для ўласных патрэбаў, але яно стаіць зусім пустое. Еўрарадыё паспрабавала адхапіць пустуючы офіс у вельмі зручным месцы.
У аддзеле нежылога фонду ЖРЭУ Савецкага раёна наш імпэт хутка астудзілі, маўляў, не спрабуйце нават – памяшканне здаваць ў арэнду больш не будуць.
Еўрарадыё: “Мы зараз акурат шукаем новы офіс, магчыма, можна будзе зняць былую управу БНФ?”
"Бессэнсоўна, – абарвала апошнюю надзею супрацоўніца ЖРЭУ. – Яно аформлена для ўласных патрэбаў. Тое, што ЖЭС не займае, гэта не значыць, што яго трэба здаваць у арэнду. Яно на афармленні на ЖЭС і зусім не будзе здавацца".
Але ў ЖЭС, які побач з сядзібай, адказалі, што яны памяшканнем не распараджаюцца.
"Там калі і будуць здаваць, то праз ЖРЭУ. Яны ўжо самі будуць вырашаць. Гэта вам трэба да іх ісці", – перанакіравалі нас назад.
Праз суд памяшканне вызвалялі для патрэбаў ЖЭС, таму яшчэ год яно будзе выкарыстоўвацца камунальнікамі, гаворыць кіраўнік ЖРЭУ Савецкага раёна Анатоль Ярашэвіч:
"Дадзенае памяшканне высялялася пад патрэбы ЖЭС. На працягу года дадзенае памяшканне будзе выкарыстоўвацца і выкарыстоўваецца пад ЖЭС. А потым яго аддадуць пад цэнтр сацыяльнай абароны".
Еўрарадыё: “Але чаму ЖЭС яго зараз не займае?”
"Ён займае. Займае роўна ў той меры, колькі неабходна".
Летам арэнда офіса каштавала каля 8 мільёнаў рублёў за месяц. За тры месяцы прастою на ім можна было б зарабіць, як мінімум 24 мільёны (каля 2 тысяч еўра). Будынак пусты, праз вокны відаць, што там нічога не рабілася, на сценах засталіся надпісы, якія пакінулі былыя гаспадары.
Дарэчы, за гэтыя надпісы на БНФ могуць завесці крымінальную справу. За пашкоджаную маёмасць ЖРЭУ патрабуе грошы.
"ЖРЭУ Савецкага раёна, якое распараджаецца гэтым офісам, напісала заяву, што мы пашкодзілі гэты офіс і нанеслі ўрон камунальнікам у памеры 19 мільёнаў рублёў", – кажа намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў.
Акрамя надпісаў на сценах грошы хочуць спагнаць за падзёртую лакіроўку падлогі, вокнаў, ды знятыя дзверы, якія з'яўляюцца ўласнасцю БНФ і рабіліся пад замову ўжо пасля засялення.