"Океан Ельзи" пакажа ў Мінску песні з будучага альбома
А адразу пасля канцэрту ў Мінск-Арэне музыкі накіруюцца ў студыю, каб яго запісаць.
Пасля мінулагодняга канцэрта Океан Ельзи у Мінску, лідэр гурта ўпэўнена заяўляў, што наступным разам выступіць толькі ў Мінск-Арэне.
“Арэна — новая, якасная пляцоўка, у якой усё прадумана, мы адразу падумалі, што хацелі б там выступіць, — распавядае Святаслаў Вакарчук. — Пляцоўка вялікая, але мы часта выступаем на вялікіх пляцоўках, і гэта мяне не палохае! Дарэчы, гэта адзін з трох вялікіх канцэртаў (Масква, Мінск, Піцер — заўв.рэд.), якія мы вырашылі ўсё ж зрабіць перад тым, як сысці ў так званы працоўны адпачынак”.
Да канцэрта гурт рыхтуе вялікую праграму. Можна разлічваць ажно на 27 песень, кажа Вакарчук: “Гэта, вядома, вельмі многа, але мы паспрабуем сыграць у Мінску столькі ж, як і ў Маскве!”
А гэта як мінімум 2,5 гадзіны! Верагодна, на канцэрце прагучаць і песні з будучага альбома гурта — да прыкладу, “Стіна”, якую беларусы упадабалі падчас выступу праекта Вакарчука "Брюссель". Ужо ў панядзелак, кажа Слава, музыкі складуць адмысловы сэт-ліст для мінскага канцэрта і вырашаць, якія новыя песні ў яго ўключыць:
“Літаральна цяпер я еду на рэпетыцыю, дзе мы будзем працаваць менавіта над канцэртам у Мінску і над новымі песнямі таксама. Дык вось, “Стіна” па папярэдняй дамоўленасці ўваходзіць у новы альбом. Гэта, напэўна, адзіная песня, якую хоць нехта неяк чуў з новай праграмы, — смяецца Святаслаў. — Яна, дарэчы, будзе крыху змененая. Натуральна, тэкст і музыка застануцца, але песня будзе сыграная ў больш рокавым, уласцівым Океану Ельзи стылі”.
Нагадаем, што канцэрт адбудзецца 7-га снежня ў Мінск-Арэне.
Пра будучы альбом, беларускі тур у яго падтрымку, самых прыгожых дзяўчат у фанзоне, а таксама звычкі і ўзрост неўзабаве -- у інтэрв’ю на Еўрарадыё.