У падазроных беспрацоўных патрабуюць даказаць, што ім ёсць, за што есці
Некаторых просяць даць справаздачу ажно за 10 гадоў! Еўрарадыё даведалася, каго падаткавікі правяраюць найперш…
“У падатковай інспекцыі няма ні магчымасцяў, ні жадання сядзець і адсочваць усіх грамадзянаў!” — кажуць у аддзеле кансультацый Інспекцыі па падатках і зборах Маскоўскага раёна Мінска.
Каб праверыць прыбыткі, трэба дзве ўмовы, тлумачыць супрацоўніца інспекцыі. Першая — не працаваць, і другая — зрабіць дарагую пакупку (у асноўным — кватэру або машыну).
Інспекцыя Маскоўскага раёна: “Значыць, была сітуацыя, калі грамадзянін купіў нейкую дарагую маёмасць, на даволі буйную суму. І пры гэтым нідзе не працаваў. У такім разе ў падатковага органа могуць узнікнуць пытанні”.
Еўрарадыё: А калі я нідзе не працую, скажам, ужо 10 гадоў… Жыву так… Але нічога буйнога не купляю, толькі ежу… Мяне не будзеце правяраць? На што я жыву?
Інспекцыя Цэнтральнага раёна: “Не, такіх не правяраем”.
Але, як даведалася Еўрарадыё, падатковая можа запатрабаваць з вас справаздачу не толькі за той год, калі была буйная пакупка, але і за 10 папярэдніх гадоў! (паводле Закона аб дэклараванні).
Інспекцыя Цэнтральнага раёна: “Мы маем права рабіць такія разлікі прыбыткаў і выдаткаў за 10 папярэдніх гадоў ад падачы дэкларацыі. Інспекцыя сама вырашае…”
У падаткавікоў ёсць права спытаць у чалавека, адкуль у яго грошы, параўнаць прыбыткі і выдаткі. І калі сума выдаткаў чалавека перавышае суму прыбыткаў, то падатковы орган мае падставу прад’явіць падатак да выплаты.
Мінчаніна Сяргея, які набыў машыну ў 2010-м годзе, падаткавікі правяраюць ажно з 2003 года! У той час ён нідзе не працаваў, быў студэнтам. Паколькі стыпендыя меншая за пражытковы мінімум, цяпер ён павінен або даказаць, што жыў за грошы родных, або… заплаціць з розніцы падаткі!
Праўда, сума атрымалася зусім невялікая — усяго 1,5 мільёна рублёў за 10 гадоў!
Еўрарадыё запыталася, ці апраўдваюць сябе такія праверкі, бо выдаткаў і сілаў шмат… А паўтара мільёна за перыяд 10 гадоў — гэта амаль нішто.
Інспекцыя Маскоўскага раёна: “Часам бывае, што і не апраўдвае, так… Мы робім сваю працу — у аднаго чалавека такі падатак, а ў іншага будзе нашмат большы… Па-рознаму бывае. Другая фізасоба аплаціць такі падатак, што перакрые ўсё… Мы ж не ведаем папярэдне, калі правяраем, ці будзе ў яго якое перавышэнне і ці будзе ён што плаціць. Мы павінны кожнага праверыць, па кім бачым такую інфармацыю, што ёсць выдаткі, але прыбыткі адсутнічаюць”.