Паганяйла: Каб людзі не думалі, што выбілі прызнанні з нейкага хворага…

Выставіць слесарам з Віцебска абвінавачванне ў датычнасці да тэракту ў мінскім метро КДБ плануе не пазней як праз 10 сутак пасля затрымання — 22 красавіка. Пра гэта Еўрарадыё заявіў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Антановіч.

Аляксандр Антановіч: “У Крымінальна-працэсуальным кодэксе напісана, што выстаўляць абвінавачванне ў тэрмін ад 3 да 10 сутак. Ну вось, 10 сутак пройдзе, я так мяркую, і ўсё будзе зроблена паводле КПК”.

Днямі генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што расследаванне тэракта можа быць завершанае цягам двух месяцаў. Адпаведна, можна чакаць, што тады ж справу і перададуць у суд. Але прадстаўнік КДБ, не абвяргаючы словы пракурора, заўважыў, што матэрыялаў па страве трэба “пералапаціць шмат”. А каб “адэкватна расставіць усе кропкі над “і”, трэба шмат часу і людзей”.

Пра тое, што менавіта затрыманыя віцябляне здзейснілі тэракт і ў сталічным метро, і на Дзень Незалежнасці ў 2008, і ў родным Віцебску ў 2005 годзе, катэгарычна заяўлялі і праваахоўныя органы, і прэзідэнт. У той жа час Аляксандр Антановіч не стаў гарантаваць, што суд на імі будзе адкрытым і ўсе жадаючыя на ўласныя вушы пачуюць прызнанні тэрарыстаў.

Аляксандр Антановіч: “Я не гатовы зараз дакладна сказаць, але мяркую, што... Але гэта ж, ведаеце, я зараз скажу адно, а потым будзе зусім іншае. Не хацелася б кагосьці ўводзіць у зман. Справа ў тым, што ўсё залежыць ад таго, якія там дадзеныя будуць”.

І нагадаў, што рашэнне, у якім рэжыме праводзіць судовыя слуханні, прымае суд.

Юрыст Гары Паганяйла ўпэўнены, што такое гучнае злачынства, калі пацярпела шмат людзей, мусіць быць адкрытым.

Гары Паганяйла: “Яно павінна быць адкрытым. З тым, каб у прысутных была магчымасць рэальна ўспрымаць і тыя доказы, на якія абапіраецца абвінавачванне, і шчырасць прызнання асоб, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Каб ні ў каго не ўзнікала ніякіх сумневаў наконт таго, што, магчыма, на кагосьці з хворых узвалілі адказнасць, выбіўшы з іх нейкія прызнанні”.

Але генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб не выключае, што ўлады не захочуць адкрытага судовага працэса.

Мечыслаў Грыб: “Я думаю, што могуць пабаяцца рабіць яго адкрытым. Таму што, на судзе можа высветліцца шэраг абставінаў, якія ўлады не жадалі б, каб дайшлі да вушэй людзей. Напрыклад, як яны жылі, дзе працавалі, дзе хаваліся, чаму яны столькі выбухаў зрабілі і заставаліся па-за ўвагай праваахоўных органаў. І іншыя могуць быць пытанні”.

Вось толькі, кажа, судовае пасяджэнне мусіць быць адкрытым, нягледзячы ні на што.

Мечыслаў Грыб: “Я б зрабіў гэтае пасяджэнне адкрытым і не хаваў бы нічога ад людзей. Непрыемна было б нешта слухаць, непрыемна было б нешта бачыць. Але ж гэта трэба перацярпець”.

Што ж тычыцца чутак і версій, якія могуць з’явіцца ў тым выпадку, калі суд будзе закрытым, — генерал кажа, што яны з’явяцца ў любым выпадку. Таму і асаблівай увагі на іх звяртаць не варта. Але з гэтым не згодны Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла: “Калі ўлады зробяць працэс закрытым — гэтым яны паставяць пад сумнеў даказанасць віны тых, каго яны сёння аб’явілі вінаватымі. І пакажа, што ва ўлады ёсць што хаваць ад народа”.

Ды і ў тым, каб рабіць слуханні закрытымі толькі для таго, каб нешта сказанае падчас суда схаваць ад грамадскасці, юрыст вялікага сэнсу не бачыць. Паводле яго словаў, у суд павінны будуць выклікаць пацярпелых, якіх больш за 200, сваякоў загінулых, пусціць у залу пасяджэнняў адвакатаў і праваабаронцаў. А ў такім выпадку, кажа, “шыла ў мяшку” не схаваеш: усё, што будзе адбывацца ў судзе, так ці інакш стане вядома прэсе.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі