"Палац" пайшоў "шляхам" Боба Дылана і не супраць загучаць у тэатры

Юбіляры "Палац" выдалі ажно два альбомы. Першы з іх — "Кола грукатала" — пяты па ліку дыск гурта, які з’яўляецца свайго роду кампіляцыяй з лепшых песень, створаных за апошнія 7 гадоў. У яго ўвайшло 10 кампазіцый, якія звязаныя з беларускімі легендамі, паданнямі і беларускімі народнымі традыцыямі (Сёмуха, свята Пятра і Паўла, вяселле). Большасць песень альбома належыць аўтарству Алега Хаменка. Музыка не выключае, што будучы альбом будзе цалкам аўтарскім.

Алега Хаменка: "Як ты не круці, усё роўна будзеш рабіць так, як рабілі той жа Боб Дылан ці "Песняры". Спачатку гэта ствараецца на фальклорнай базе, потым ты гэтым пачынаеш мысліць, потым чапляеш усё сучаснае і пачынаеш гэта пераасэнсоўваць, а потым зноў вяртаешся да фальклору. Нават "Бітлз" напрыканцы кінуліся ў "сітары ды гітары". Насамрэч, такі шлях ва ўсіх і нікога ён не абміне!"


Другі дыск — казка "Салдат-доктар" — сайд-праект гурта. Музычная аповесць стала завяршэннем адмысловага цыкла казак, які калісьці стварыў "Палац". Казкі змясціліся аж на 8 дысках, 7 з якіх былі выдадзеныя, а 8-ы так і "павіс" у паветры. У выніку, "Салдат доктар" стаў не толькі казкай для дарослых — яна разлічаная на аўдыторыю ад 10 гадоў, але і ўлюбёнай казкай гурта "Палац". Уся музыка ў ёй — арыгінальная. Казка была некалькі разоў прэзентаваная мінчукам. Але лепшае для яе, мяркуе Алег Хаменка, — тэатральнае ўвасабленне.

Алег Хаменка: "У мяне ёсць шмат ідэй разам з цікавымі рэжысёрамі і сцэнарыстамі, якія паводле гэтай казкі маглі б зрабіць тэатральную пастаноўку ці штосьці, можа быць, яшчэ больш грунтоўнае. Але пакуль я сам не бачу, як бы тое магло быць. Будзем раіцца!"

Цяпер гурт падумвае перавыдаць казкі у МР3-фармаце. Пласцінкі можна набыць у крамах "Вігма" ды ў вялікіх гіпермаркетах, такіх як "Гиппо" і "Прастор". Інтэрнэт-рэліз абодвух дыскаў адбудзецца на Каляды.

Фота: Антон Суряпін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі