Парламенцкія выбары-2012 у лічбах

494 чалавекі былі вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты, а зарэгістравалі 363. Сярод зарэгістраваных — 21 дэпутат Палаты прадстаўнікоў, 51 былы ці дзейны дэпутат мясцовых саветаў, 30 пенсіянераў і 30 прадпрымальнікаў, 32 беспрацоўныя і 6 прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Цэнтравыбаркам “забаніў” 122 чалавекі, 9 забралі дакументы самі. Больш за 40 пакрыўджаных падалі скаргі. Але непадступны ЦВК пацвердзіў парушэнні ў подпісах Мілінкевіча, Пашкевіча і нават доктара Хадоркіна, канчаткова адмовіў экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Алесю Міхалевічу, а таксама “аўтамабільнаму магнату” Анатолю Букасу за тое, што ён па-шэраму прадаў зламаную машыну.

У Цэнтравыбаркаме не знайшлі юрыдычных падстаў, каб адмовіць “гаварыпраўдаўцу” Аляксандру Салопу, таму не зарэгістравалі з высокамаральнай прычыны: “Такі чалавек не можа быць дэпутатам!”. За адмову галасуе 9 сябраў ЦВК, супраць — 1, і гэта Лідзія Ярмошына!

Таксама выбаркамы забракавалі 48% кандыдатаў ад “Гавары праўду”, 27% сацыял-дэмакратаў, 24% ЛДПБ, 23% АГП, 16% “Справядлівы свет”, 9% кандыдатаў ад Партыі БНФ.

 

У выніку ў апазіцыянераў засталося

ЛДПБ — 71 кандыдат;

АГП — 38;

Партыя БНФ — 31;

“Справядлівы свет” — 26;

Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 11.

 

Кожнаму кандыдату далі на плакаты па 5.000.000 рублёў. А на абранне кожнага дэпутата дзяржава патраціла 102 000 долараў.

Каб запісаць 5-хвілінны ролік на БТ, кандыдатам давалі 15 хвілін. Але 33 звароты кандыдатаў у дэпутаты ад АГП у эфір не выйшлі.

Усяго ў выбарах паўдзельнічала 27 035 скрынак для галасавання. З іх 1649 — празрыстыя.

З-за мяжы да нас прыехалі 762 назіральнікі. З іх 347 — ад СНД, 335 — ад АБСЕ.

На 23 верасня ў кандыдатах засталося толькі 49 апазіцыйных прэтэндэнтаў, хаця за дзень да пачатку датэрміновага галасавання іх было 117.

У выніку конкурс на дэпутацкі мандат для апазіцыянераў знізіўся: было 1,06 апазіцыянера на кожнае са 110 месцаў у Авальнай зале, а стала 0,44.

 

У выніку 16 акругаў са 110 былі безальтэрнатыўнымі.

Паводле дадзеных ЦВК, у галасаванні паўдзельнічала 74,2% выбаршчыкаў, 26% з іх выканалі свой абавязак датэрмінова. Менш за ўсё галасавалі ў Мінску — 59,2%, больш за ўсё — на Віцебшчыне: 81,1%.

У выніку абралі 109 дэпутатаў. Адна акруга засталася без народнага пасланніка. Сярод абраных ніводнага апазіцыянера — а былыя дэпутаты, кіраўнікі прадпрыемстваў, выканкамаў і паліклінік. Новы склад Палаты прадстаўнікоў на 94% супаў з прадказаннем Еўрарадыё, зробленым яшчэ месяц таму.

За час кампаніі ў ЦВК падалі 110 скаргаў. Столькі ж, колькі месцаў у Авальнай зале.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі